29 лістапада 2018 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

29 лістапада 2018 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, на якім былі разгледжаны пытанні: аб выніках аналізу пераскладзеных спісаў № 1 і № 2 арганізацый, якія з’яўляюцца і не з’яўляюцца (магчымымі) крыніцамі камплектавання рэспубліканскіх дзяржархіваў і аб працы Дэпартамента і дзяржаўных архіваў па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур у 2018 г.

Па першым пытанні калегіяй адзначана, што работа па пераскладзе спісаў № 1 і № 2 рэспубліканскімі дзяржархівамі праведзена здавальняюча. Разам з тым адзначаны пэўныя цяжкасці ў працы рэспубліканскіх дзяржархіваў па вядзенню спісаў № 1 і № 2, перш за ўсё ў праграмным модулі «Гісторыя», у сувязі са структурай пабудовы спісаў № 1 і № 2, заснаванай на ведамасным прынцыпе сістэматызацыі арганізацый. Плануецца, што пасля распрацоўкі БелНДІДАС новых класіфікатара і Прыкладных спісаў відаў і разнавіднасцяў арганізацый, якія з’яўляюцца і не з’яўляюцца крыніцамі камплектавання дзяржархіваў, вядзенне спісаў № 1 і № 2 значна спросціцца.

Калегіяй дадзены ўказанні рэспубліканскім дзяржархівам актывізаваць працу па пашырэнню кола арганізацый-патэнцыйных крыніц камплектавання.

Па другім пытанні калегіяй адзначана, што ў 2018 г. дзейнасць Дэпартамента і дзяржаўных архіваў была накіравана на своечасовае і якаснае ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур.

21 жніўня 2018 г. у Дэпартаменце была праведзена адна «прамая тэлефонная лінія» на тэму «Парадак доступу да дакументаў дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь».

Калегіяй рэкамендавана аддзелу арганізацыйнай працы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента і кіраўнікам дзяржаўных архіваў ажыццяўляць пастаянны кантроль за выкананнем у дзяржаўных архівах патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур; сістэматычна разглядаць стан работы па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур на пасяджэннях калегіі Дэпартамента.