Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прэзентуе віртуальную выставу «Трывожны досвітак 41-га…»

22 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень у 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая стала адной з самых трагічных старонак у нашай гісторыі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 сакавіка 2022 года № 117 дата 22 чэрвеня замацавана ў календары як Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

За сваю шматвяковую гісторыю Беларусь неаднаразова станавілася арэнай жорсткіх ваенных канфліктаў. Кожная вайна пакідала пасля сябе смерць, разбурэнні і спусташэнне. Аднак самай крывавай і жорсткай стала Вялікая Айчынная.

Праўда пра тыя страшныя гады беражліва захоўваецца. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь знаходзяцца на захоўванні ўнікальныя дакументы, якія дэталёва асвятляюць падрыхтоўку фашысцкай Германіі да вайны, мерапрыемствы савецкага ваеннага і палітычнага кіраўніцтва па ўмацаванні абараназдольнасці БССР, арганізацыю эвакуацыі насельніцтва і матэрыяльных сродкаў ва ўсходнія раёны СССР, устанаўленне нацысцкага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі і палітыку генацыду, а таксама разгортванне партызанскага і падпольнага руху, гераізм партызан і падпольшчыкаў.

Архіўныя першакрыніцы пераканаўча даказваюць, што з самых першых гадзін Вялікая Айчынная вайна абярнулася найвялікшым выпрабаваннем для ўсёй краіны. У той жа час яна выклікала магутны ўздым чалавечага патрыятызму. На фронце і ў тыле людзі розных пакаленняў і нацыянальнасцей прадэманстравалі прыклады беспрэцэдэнтнай згуртаванасці, мужнасці і вернасці Радзіме.

Мы памятаем кожнага, хто аддаў жыццё за свабоду нашай зямлі, і захоўваем гэту гістарычную праўду дзеля мірнай будучыні.

Выстава «Трывожны досвітак 41-га…», прымеркаваная да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, запрашае ўсіх жадаючых і адкрывае доступ да ўнікальных першакрыніц, дазваляе дакрануцца да трагічных і гераічных старонак нашай гісторыі.

З віртуальнай выставай можна азнаёміцца па спасылцы.

 

1. Загалоўны слайд выставы