Аб правядзенні адзінага урока Памяці «Ола – сястра Хатыні» установай «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ў межах акцыі «Архівы – школе»

14 студзеня 2026 г. старшы навуковы супрацоўнік дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Мая Валянцінаўна Вашчанка правяла ўрок Памяці ў 11 класе ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля», які быў прысвечаны 82-й гадавіне трагедыі ў вёсцы Ола. Яна расказала навучэнцам пра генацыд беларускага народа па дакументах перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія захоўваюцца ў архіве. Генацыд праяўляўся ў жахлівых злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адносінах да мірнага насельніцтва – дзяцей, жанчын і старых. Неад’емнай часткай акупацыйнага рэжыму сталі карныя аперацыі на Гомельшчыне. Мэта карных аперацый – масавае знішчэнне мірнага насельніцтва. У сваім выступленні Мая Валянцінаўна расказала пра страшныя падзеі 14 студзеня 1944 г., якія адбыліся ў вёсцы Ола Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.

14 студзеня 1944 года нямецкі карны атрад разам з вайсковай часцю акружыў вёску Ола, дзе хаваліся жыхары дванаццаці навакольных вёсак. Акупанты загналі жыхароў у хаты і падпалілі. Тых, хто спрабаваў выратавацца, фашысты расстрэльвалі і травілі сабакамі. Зажыва былі спалены 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей, 508 жанчын, 100 мужчын, 200 старых. Выпадкова выратаваліся адзінкавыя. Яны сталі сведкамі той страшнай трагедыі. У 2020 годзе на месцы знішчанай вёскі створаны мемарыяльны комплекс «Ола».

– Жыццё – гэта сапраўднае і неабмежаванае багацце чалавека. Каб людзі маглі жыць, ствараць і думаць пра будучыню, каб краіна мацнела і квітнела, трэба беражліва ставіцца да сваёй памяці. Мы жывем, пакуль памятаем! Мы жывыя, пакуль нас памятаюць, – сказала ў канцы Мая Валянцінаўна.

Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі дакументальны фільм пра трагедыю ў вёсцы Ола і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых.

 

1. Старшы навуковы супрацоўнік М.В.Вашчанка расказвае навучэнцам пра трагедыю ў вёсцы Ола
2. Навучэнцы 11 класа ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» на уроку Памяці
3-5. Удзельнікі мерапрыемства ля стэндаў, прысвечаных генацыду беларускага народа