Урок памяці ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
5 красавіка 2023 года ў рамках акцыі «Архівы – школе» ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці быў праведзены ўрок гістарычнай памяці «Пра гэта нельга забываць» для студэнтаў 1-га курса спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» філіяла БНТУ «Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж».
Мерапрыемства было прысвечана Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, які штогод адзначаецца 11 красавіка.
У ходзе ўрока навучэнцам былі прадэманстраваны ўнікальныя архіўныя дакументы – трафейныя карткі на былых савецкіх ваеннаслужачых, якія знаходзіліся ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў германскім палоне. Акрамя гэтага на банэрах былі прадстаўлены дакументы аб шталагу № 342 у Маладзечне і шталагу № 352 у Масюкоўшчыне, а таксама працоўныя карткі савецкіх грамадзян, сагнаных у Германію на прымусовыя працы.
Фіналам сустрэчы стала аглядная экскурсія, падчас якой юнакі і дзяўчаты азнаёміліся з работай архіва і асноўнымі напрамкамі дзейнасці ўстановы, наведалі архівасховішча, дзе даведаліся пра асаблівасці захоўвання дакументаў і іх склад.