Да 125-годдзя паэта, драматурга, перакладчыка, педагога Міхаіла Дуброўскага (1897-1983)
Міхаіл Георгіевіч Дуброўскі (сапр. Маслакоў) нарадзіўся 3 кастрычніка 1897 г. у в. Казелле Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерніі (цяпер Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці).
Скончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Я. Брусава ў Маскве (1925). У 1925-1926 гг. – навуковы супрацоўнік літаратурнай камісіі Інбелкульта. З 1926 г. да 1941 г. жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у рэдакцыі газеты «Гудок», літаратурным рэдактарам ва Усесаюзным радыёкамітэце і ў выдавецтве. У 1937-1941 гг. настаўнічаў у сярэдняй школе і адначасова займаўся ў аспірантуры Інстытута філасофіі, літаратуры і гісторыі імя М. Г. Чарнышэўскага.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Башкірыю, дзе працаваў выкладчыкам у педвучылішчы. У сакавіку 1942 г. прызваны ў армію, але ў ліпені таго ж года дэмабілізаваны. Да 1945 г. знаходзіўся на педагагічнай рабоце ў Маскоўскай вобласці і ў Маскве.
Пасля вайны ў розныя гады працаваў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры і мовы Брэсцкага педагагічнага інстытута, выкладчыкам сярэдняй школы ў Маскве, старшым выкладчыкам Гродзенскага педагагічнага інстытута. З 1960 г. на пенсіі.
Першыя вершы М. Дуброўскага былі надрукаваны ў 1918 г. у газеце «Известия Климовичского уисполкома». Аўтар вершаў, баек, артыкулаў, апавяданняў, крытычных артыкулаў і нарысаў. Напісаў лібрэта «Уласнай рукой» (разам з П. Шастаковым) да оперы М. Чуркіна «Вызваленне працы». Шмат гадоў аддаў даследаванню сатырычнага напрамку ў беларускай літаратуры, вывучэнню творчасці народнага пісьменніка Беларусі К. Крапівы. Займаўся перакладамі з англійскай, італьянскай, нямецкай, рускай і іншых моў на беларускую.
Памёр 11 верасня 1983 г.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд М. Дуброўскага (Ф. 357), які налічвае каля 600 дакументаў: вершы, вершаваныя апавяданні, байкі, пераклады, перапіска, дакументы да біяграфіі, фатаграфіі.
![]() |
1. М. Дуброўскі. 1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 357. Воп. 1. Адз. зах. 85. Л. 1. |
![]() |
2. Аўтабіяграфія М. Дуброўскага. Аўтарызаваны машынапіс. 20 кастрычніка 1980 г. БДАМЛМ. Ф. 357. Воп. 1. Адз. зах. 77. Л. 1. |
![]() |
3. М. Дуброўскі з Р. Няхаям, М. Хрысцічам, М. Чарняевым і інш. у Брэсцкім педінстытуце. 1946 г. БДАМЛМ. Ф. 88. Воп. 3. Адз. зах. 497. Л. 2. |
![]() |
4. М. Дуброўскі. Верш “Лотас і хваля. Памяці Янкі Купалы”. Аўтарызаваны машынапіс. 1979 г. БДАМЛМ. Ф. 357. Воп. 1. Адз. зах. 5. Л. 10. |
![]() |
5. М. Дуброўскі. Санет “К вершинам”. Аўтарызаваны машынапіс. 1980 г. БДАМЛМ. Ф. 357. Воп. 1. Адз. зах. 5. Л. 22. |
![]() |
6. М. Дуброўскі. Байкі “Гаспадар і курыца” і “Крот, грак і ласка”. Выразкі з газет. 1969-1970 гг. БДАМЛМ. Ф. 357. Воп. 1. Адз. зах. 10. Лл. 12, 13. |
![]() |
7. М. Дуброўскі, П. Шастакоў. Лібрэта оперы М. Чуркіна “Вызваленне працы”. Машынапіс. 1955 г. БДАМЛМ. Ф. 357. Воп. 1. Адз. зах. 13. Лл. 1-2. |
![]() |
8. В. Шэкспір. Камедыя “Віндзорскія жартаўніцы” ў перакладзе М. Дуброўскага з англійскай мовы. Аўтарызаваны машынапіс з праўкай. 1973 г. БДАМЛМ. Ф. 357. Воп. 1. Адз. зах. 18. Лл. 1, 3. |