30 верасня 2022 года ў Гомельскай вобласці на базе Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы былі падведзены вынікі конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» 2022 года

Мерапрыемства прайшло напярэдадні прафесійнага свята. Дзень архівіста адзначаецца ў нашай краіне штогод 6 кастрычніка. Таму, карыстаючыся выпадкам, першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Ледаўская В.А. уручыла Ганаровую грамату Дэпартамента прысутнаму на конкурсе ў якасці ганаровага госця першаму намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Гуржыю А.А. за вялікі асабісты ўклад у развіццё архіўнай справы на Гомельшчыне.

Таксама Ганаровай граматай Дэпартамента была адзначана работа начальніка аддзела па каардынацыі прававой, кантрольнай і архіўнай работы галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Сакаловай Н.У. і загадчыка аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы Закаўраш М.В.

Гуржый А.А., у сваю чаргу, уручыў Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Комар І.В., загадчыку аддзела работы з архівамі арганізацый, камплектавання і справаводства Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы, і Падзяку галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Каралевай А.У., архівісту другой кваліфікацыйнай катэгорыі аддзела ўліку і забеспячэння захаванасці дакументаў Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці.

У завяршэнні мерапрыемстваў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Гуржый А.А. азнаёміў першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Ледаўскую В.А. з ходам рэканструкцыі будынка па вул. Косарава, 23 у г. Гомелі пад будынак архівасховішча Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці.