У Дзяржархіве Віцебскай вобласці ідзе падрыхтоўка да агульнарэспубліканскага Адзінага дня адчыненых дзвярэй, прымеркаванага да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі

12 верасня 1922 года Прэзідыумам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі было прынята “Палажэнне аб Цэнтральным архіве Беларусі”. Гэты дзень лічыцца днём нараджэння дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі.

У дзень 100-гадовага юбілею архіўнай службы, 12 верасня 2022 г., у дзяржаўных архівах рэспублікі будзе праводзіцца агульнарэспубліканскі Адзіны дзень адчыненых дзвярэй.

Дзяржархіў Віцебскай вобласці ў рамках Адзінага дня адчыненых дзвярэй правядзе майстар-класы па аблічбоўцы і рэстаўрацыі дакументаў, экскурсіі і лекцыі, пазнаёміць усіх жадаючых з выданнямі, выпушчанымі на аснове архіўных дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве за 1917 – 2020 гг.

Пройдуць квэсты па гісторыі архіва і конкурс на найлепшае віншаванне архіву са 100-годдзем архіўнай службы.

Наступіць «Гадзіна сюрпрызу», калі кожны, хто ў гэтую гадзіну прыйдзе ў архіў, атрымае маленькі падарунак.

Усім, хто прыйшоў у гэты дзень у архіў, уручаць сертыфікат Удзельніка.

Свае водгукі аб мерапрыемстве наведвальнікі змогуць пакінуць у спецыяльнай святочнай кнізе.