Да 95-годдзя пісьменніка Алеся Адамовіча

Алесь (Аляксандр Міхайлавіч) Адамовіч (03.09.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на – 26.01.1994).

Празаік, крытык, літаратуразнавец, публіцыст, грамадскі дзеяч. Глыбокі, таленавіты даследчык, якому належыць шмат абагульняльных навуковых прац па актуальных праблемах літаратуры другой паловы ХХ ст. Аналізаваў шляхі станаўлення беларускага рамана, развіццё беларускай літаратуры ў кантэксце сусветных тэндэнцый, уздымаў праблемы пісьменніцкага майстэрства і культуры творчасці як перад айчыннымі творцамі, так і перад калегамі з іншых краін.

Яго творы, выступленні, лекцыі прасякнуты антываенным пафасам. Большасць мастацка-дакументальных раманаў і аповесцей Алеся Адамовіча прысвечана падзеям Другой сусветнай вайны, партызанскай барацьбе беларусаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Творы заснаваны на ўспамінах жывых сведкаў трагедыі ХХ стагоддзя. Што такое вайна, зазнала ўся сям’я Адамовічаў. Алесь Адамовіч далучыўся да партызанскай барацьбы ў 15-гадовым узросце. Пазней пісьменнік адзначыць: «Калі мне што і ўдалося ў рамане «Вайна пад стрэхамі», дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». У першых радках рамана гучаць словы: «…у войны не женское лицо». Яны перадаюць усю трагедыю мірнага насельніцтва, пераважна жанчын і дзяцей, якія аказаліся пад акупацыяй нямецкіх войскаў пад час вайны.

У 1975 г. выйшла дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі», якая стала вынікам сумесных інтэрв’ю А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка з выжыўшымі жыхарамі вёсак Беларусі, што падзялілі лёс Хатыні. Галасы людзей, якія цудам выжылі, становяцца сапраўдным абвінаваўчым актам супраць нацысцкага катавання.

Старонкі «Блакаднай кнігі» (1979, 1982), створанай у суаўтарстве з Д. Граніным, сталі непрыхаванай праўдай пра пакуты жыхароў блакаднага Ленінграда. Кніга заснавана на расповядах, а таксама на дзённікавых запісах ленінградцаў-блакаднікаў, многія з якіх загінулі ад голаду і холаду.

У 1985 годзе па матывах «Хатынскай аповесці» і «Карнікаў» кінарэжысёр Э. Клімаў у суаўтарстве з А. Адамовічам зняў мастацкую кінастужку «Ідзі і глядзі» («Масфільм», «Беларусьфільм»), якая нанова шакавала грамадства сваім праўдзівым паказам ваенных злачынстваў. Фільм, які аўтары спрабавалі паставіць пад першапачатковай назвай Забіце Гітлера!” цягам сямі гадоў да канчатковай забароны ад Дзяржкіно ў 1977 г., урэшце атрымаў вялікі рэзананс у многіх краінах свету і неаднаразовыя прэміі.

У 1980-я гг. А. Адамовіч шмат ездзіў па свеце, прымаючы ўдзел у міжнародных антываенных, антыядзерных канферэнцыях, дзе выступаў з дакладамі і даваў інтэрв’ю. У 1986 годзе пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС даносіў да свядомасці тагачаснага кіраўніцтва краіны і грамадства сапраўдныя маштабы бедства для Беларусі.

21 снежня 1991 г. перанёс цяжкі інфаркт міякарда. Пісьменнік спяшаўся скончыць творчыя праекты: аповесць «Венера, або Як я быў прыгоннікам», эсэ «Самалячэнне ад камунізму», аўтабіяграфічную аповесць «Vixi»/ «Пражыта». 26 студзеня 1994 г., выступаючы ў Вярхоўным судзе РФ з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюза пісьменнікаў, Міжнароднага літфонду атрымаў другі, апошні інфаркт. Пахаваны ў в. Глуша побач з братам, недалёка ад магіл бацькоў, бабулі.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае асабісты фонд Алеся Адамовіча, які змяшчае амаль 800 спраў, сярод якіх: рукапісы пісьменніка (раманы, аповесці, апавяданні, п’есы, сцэнары, нарысы, артыкулы, нататакі, рэцэнзіі, прадмовы, лекцыі па беларускай літаратуры (прысвечаныя М. Багдановічу, Я. Купалу, Я. Коласу, М. Гарэцкаму, К. Чорнаму, В. Быкаву, І. Мележу і інш.)), а таксама ліставанне (з дзеячамі літаратуры і мастацтва, установамі, арганізацыямі і інш.), дакументы да біяграфіі (аўтабіяграфію, дакументы творчай і службовай дзейнасці), дакументы пра А. Адамовіча (артыкулы, водгукі), выяўленчыя дакументы (фатаграфіі індывідуальныя і ў групах).

Дакументы:

 

1. А. Адамовіч. 1950-я гг.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 2. Адз. зах. 122. Л. 3.
2. Міхаіл Іосіфавіч і Ганна Мітрафанаўна – бацькі А. Адамовіча. 1923 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 2. Адз. зах. 120. Л. 4.
3. А. Адамовіч. Аўтабіяграфія “Заглядваючы ў сябе”. Аўтограф. 1963 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 3. Адз. зах. 114. Л. 1, 14.
4. Характарыстыка на партызана А. Адамовіча. Машынапіс. 1957 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 1. Адз. зах. 215. Л. 2.
5. А. Адамовіч у партызанскім атрадзе імя Кірава брыгады імя Пархоменкі. Май 1943 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 1. Адз. зах. 224. Л. 2.
6. Водгук П. Глебкі на дысертацыю А. Адамовіча “Мова рамана “Трэцяе пакаленне” і індывідуальны літаратурна-мастацкі стыль К. Чорнага”. Аўтограф. 1953 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 1. Адз. зах. 220. Л. 7.
7. А. Адамовіч. Артыкул “Беларуская проза ў кантэксце сусветнай класікі”. Аўтограф. 1963 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 1. Адз. зах. 158. Л. 2, 18.
8. А. Адамовіч. Артыкул пра апавяданне В. Быкава “Адна ноч”. Машынапіс. 1963 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 1. Адз. зах. 155. Л. 2.
9. А. Адамовіч. Адказ на анкету для зборніка “История написания произведений”. Аўтограф. Верасень 1978 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 2. Адз. зах. 79. Л. 1, 4 адв., 6.
10. Я. Брыль і А. Адамовіч на Расоншчыне падчас збору матэрыялаў для кнігі “Я з вогненнай вёскі”.1972 г.
БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 499. Л. 11.
11. Кніга “Я з вогненнай вёскі” з дароўным надпісам аўтараў Р. Бярозкіну. 1975 г.
БДАМЛМ. Інв. № 14146.
12. А. Адамовіч. Сцэнар фільма “У войны не женское лицо”. Аўтограф. 1975 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 1. Адз. зах. 125. Лл. 1-2.
13. А. Адамовіч. Артыкул для “Курьера ЮНЕСКО” – “Белорусские Хатыни и блокадный Ленинград”. Аўтограф, машынапіс з аўтарскімі праўкамі. 1978 г.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 2. Адз. зах. 71. Л. 1, 20.
14. А. Адамовіч. Артыкул аб неабходнасці адмовы ад ядзернай зброі “Твоя жизнь – моя жизнь”. Аўтограф. 1980-я гг.
БДАМЛМ. Ф. 116. Воп. 3. Адз. зах. 45. Л. 1, 13, 13 адв.
15. А. Адамовіч, Г. Гарэцкі, У. Гарэцкі, Я. Брыль, Г. Гарэцкая, В. Адамовіч, Н. Брыль. 1980-я гг.
БДАМЛМ. Ф. 426. Воп. 1. Адз. зах. 220. Л. 2.