Да 105-годдзя народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі (1917-1995)

Пімен Емяльянавіч Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 г. у г. Рэвелі (цяпер Талін, Эстонія). У 1921 г. сям’я паэта вярнулася ў Беларусь. У 1932 г. скончыў Бягомльскую сямігодку, падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў ВНУ. Са студзеня па жнівень 1933 г. быў рабочым дрэваапрацоўчага камбіната ў Бабруйску. Пасля сканчэння ў 1934 г. гадавых педагагічных курсаў працаваў загадчыкам Алянскай пачатковай школы Бабруйскага раёна, потым настаўнікам Казуліцкай НСШ Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. З 1938 г. быў выкладчыкам мовы і літаратуры Кіраўскай СШ. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута.

У 1939-1946 гг. знаходзіўся ў Чырвонай Арміі. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў спецыяльным карэспандэнтам у армейскіх і франтавых газетах: “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, “Героический штурм”, “Советский патриот”. Супрацоўнічаў з сатырычнымі выданнямі “Партызанская дубінка”, “Раздавім фашысцкую гадзіну”. У 1944-1945 гг. з часцямі Чырвонай Арміі знаходзіўся ў Іране.

З 1946 г. – загадчык аддзела рэдакцыі часопіса “Вожык”, з 1948 г. – загадчык аддзела, потым намеснік галоўнага рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1953-1958 гг. – галоўны рэдактар альманаха “Советская Отчизна”, у 1958-1966 гг. – часопіса “Маладосць”. З 1966 г. сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (член саюза з 1938 г.). З 1972 г. – на творчай рабоце.

У 1958 г. як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце ХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1959-1967 і 1971-1990 гг. Быў старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру. З 1990 г. – член Рады Саюза пісьменнікаў БССР. Узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі, ганаровымі граматамі. Лаўрэат дзяржаўных і літаратурных прэмій.

Памёр 2 красавіка 1995 г.

Першыя вершы П. Панчанкі “Ураджайнае” і “Моладзі” надрукаваны ў альманаху “Ударнікі” (1934). Аўтар зборнікаў вершаў і паэм “Упэўненасць” (1938), “Вераснёвыя сцягі” (1940), “Дарога вайны” (1943), ”Далёкія станцыі” (1945), “Гарачыя вятры” (1947), “Гарачы лівень” (1957), “Нью-Йоркскія малюнкі” (1960), “Чатыры кантыненты” (1964), “Снежань” (1972), “Вячэрні цягнік” (1977), “Неспакой” (1988) і шмат іншых. Перакладаў на беларускую мову асобныя творы А. Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, А. Суркова, Ф. Шылера і інш. Выступаў з літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі. Вядомыя беларускія кампазітары пісалі песні на вершы П. Панчанкі. Творы паэта перакладзены на многія мовы свету.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд П. Панчанкі (№ 430), які прадстаўлены рукапісамі (падборкі вершаў да мяркуемых зборнікаў, вершы, артыкулы, рэцэнзіі, пераклады), перапіскай, дакументамі да біяграфіі, дакументамі пра паэта і сабранымі ім, калекцыяй фатаграфій.

Дакументы:

 

1. П. Панчанка. 1970-я гг.
БДАМЛМ. Ф. 430. Воп. 1. Адз. зах. 123. Л. 5.
2. П. Панчанка. “Перад сустрэчай”. Верш. Машынапіс. 24 верасня 1943 г.
БДАМЛМ. Ф. 430. Воп. 1. Адз. зах. 1. Лл. 22-23.
3. П. Панчанка, І. Гурскі, А. Кучар і П. Глебка на Калінінскім фронце. 1942 г.
БДАМЛМ. Ф. 312. Воп. 1. Адз. зах. 166. Л. 4.
4. П. Панчанка. “Прыязджайце на Палессе!”. Верш. Аўтограф з праўкай. 16-17 сакавіка 1953 г.
БДАМЛМ. Ф. 430. Воп. 1. Адз. зах. 3. Лл. 6-7.
5. П. Панчанка. “Тысяча небасхілаў”. Верш. Аўтограф з праўкай. 13 мая 1962 г.
БДАМЛМ. Ф. 430. Воп. 1. Адз. зах. 3. Лл. 12-13.
6. Ф. Шылер. “Разбойнікі”. Драма. Пераклад П. Панчанкі з нямецкай мовы. Аўтограф перакладчыка з праўкай. 1960-я – 1970-я гг.
БДАМЛМ. Ф. 430. Воп. 1. Адз. зах. 28. Лл. 1-3.
7. І. Лучанок. “Песня аб Мінску”. Для голасу. Словы П. Панчанкі. Выразка з газеты, аўтограф І. Лучанка з праўкай. 1975 г.
БДАМЛМ. Ф. 430. Воп. 1. Адз. зах. 32. Лл. 1-2.
8. П. Панчанка пад час сустрэч з чытачамі. 1970-я – 1980-я гг.
БДАМЛМ. Ф. 430. Воп. 1. Адз. зах. 127. Лл. 1-2.
9. Вокладкі кніг П. Панчанкі.