19 жніўня 2022 года Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь арганізаваны круглы стол пад старшынствам намесніка міністра Алега Мікалаевіча Ката для прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў з мэтай абмену вопытам па правядзенні мерапрыемстваў у рамках Года гістарычнай памяці

У працы круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў: Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнага архіва, Беларускага саюза жанчын, Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і інш.

У рамках сустрэчы ўдзельнікі азнаёміліся з выставай Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння Панцеляймона Кандрацьевіча Панамарэнкі – дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, першага сакратара ЦК КП (б)б, сакратара ЦК КПСС, старшыні Савета Міністраў БССР, міністра нарыхтовак СССР, міністра культуры СССР, начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху, генерал-лейтэнанта. Увазе ўдзельнікаў круглага стала была прадстаўлена інтэрактыўная выстава «Партызаны Беларусі». Яна ўключае ў сябе больш за 70 экспанатаў-фатаграфіі часоў Вялікай Айчыннай вайны, узнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі партызан і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя заснавана на дакументах унікальнага інтэрнэт-праекта Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь «Партызаны Беларусі», матэрыялах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Дзякуючы прадстаўленаму на выставе інтэрактыўнаму стэнду кожны госць архіва змог паспрабаваць знайсці свайго гераічнага продка з ліку партызан і падпольшчыкаў. Таксама ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць азнаёміцца з выставай узораў зброі і боепрыпасаў, прадстаўленай грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

Адказваючы на пытанні журналістаў, Алег Мікалаевіч Кот адзначыў: «З улікам інфармацыйных войнаў, якія вядуцца ў цяперашні час, даецца ацэнка нашай нацыянальнай гісторыі пад іншым ракурсам, таму, безумоўна, асаблівую каштоўнасць уяўляюць архіўныя дакументы для захавання гістарычнай памяці. Яны на сёння захоўваюць тое, што немагчыма змяніць, часам з’яўляюцца адзінай крыніцай пацверджання фактаў гістарычнай праўды».

Сімвалічна правядзенне мерапрыемства на тэму года гістарычнай памяці менавіта ў Нацыянальным архіве Беларусі. Тут захоўваецца сапраўдная гісторыя ў дакументах. Асаблівую актуальнасць архівы набываюць зараз, калі вядзецца масіраваная атака на нашу нацыянальную гісторыю, у тым ліку ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер робяцца спробы дыскрэдытаваць партызанскі рух у Беларусі, прыменшыць яго значэнне і вынікі. Падвяргаецца сумневу палітыка нацыстаў, накіраваная на фізічнае знішчэнне грамадзянскага насельніцтва Беларусі і стварэнне ўсіх умоў для яго вымірання – а гэта асноўныя параметры, якія вызначаюць паняцце «генацыд», – выказаў сваё меркаванне намеснік міністра, звяртаючыся з прывітальным словам да прысутных.

Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Канстанцінавіч Дземянюк у рамках працы круглага стала распавёў аб мерапрыемствах, якія праводзяцца архівам у Год гістарычнай памяці. У сваім выступе ён асабліва адзначыў актыўную працу архівістаў з падрастаючым пакаленнем у рамках акцыі «Архівы-школе», выданне ўнікальнай серыі зборнікаў «Без тэрміну даўнасці. Беларусь», актыўны ўдзел архіва ў развіцці інтэрнэт-партала «Партызаны Беларусі».

Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Эдуард Міхайлавіч Скурат у сваім дакладзе на тэму «Месцы прымусовага ўтрымання ў гады акупацыі 1941-1944 на тэрыторыі сучаснай Беларусі» прывёў цэлы шэраг раней невядомых фактаў, выкрытых у рамках крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

Вопытам правядзення мерапрыемстваў у рамках года гістарычнай памяці падзялілася першая намесніца міністра юстыцыі Наталля Філіпава, прадстаўляючы грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын». Яна адзначыла важнасць вывучэння дакладных гістарычных фактаў і падзей у сучасных рэаліях і значэнне сумесных намаганняў грамадскіх аб’яднанняў у пабудове нашай дзяржавы. «Узаемадзеянне грамадскіх аб’яднанняў з’яўляецца ключом да пабудовы моцнай грамадзянскай супольнасці», – рэзюмавала свой выступ Наталля Мікалаеўна Філіпава.

Шырокі спектр праводзімых выхаваўчых мерапрыемстваў патрыятычнага характару быў агучаны ў выступленнях прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў. Удзельнікамі круглага стала актыўна абмяркоўваліся перспектыўныя формы працы з моладдзю, неабходнасць удасканалення адукацыйнага працэсу ў школах.

Па заканчэнні мерапрыемства адбылася экскурсія па Нацыянальнаму архіву Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі круглага стала змаглі азнаёміцца з гісторыяй стварэння ўстановы, арганізацыяй архіўнага захоўвання. Навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Агеенка Таццяна Мікалаеўна прадставіла увазе ўдзельнікаў мерапрыемства унікальныя гістарычныя дакументы, якія адлюстроўваюць станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці, арганізацыю партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання Інэса Уладзіміраўна Дорогуш азнаёміла гасцей архіва з падборкай асабістых дакументаў, фотаархіваў вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, ваеначальнікаў.

Па матэрыялах сайта Міністэрства юстыціі Рэспублікі Беларусь