Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прадставіў банэрную выставу ў «Сярэдняй школе №1 в. Копішча» ў рамках праекта «Архівы-школе»

18 жніўня 2022 года ў ДУА «Сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 1 в. Копішча» адбылася дыялогавая пляцоўка на тэму «Гістарычная памяць: ад настаўніка-патрыёта — да патрыёта краіны».

У рамках Года гістарычнай памяці і праекта «Архівы-школе» Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прэзентаваў на пляцоўцы ДУА «Сярэдняя школа №1 в. Копішча» гісторыка-дакументальную банэрную выставу «Генацыд мірнага насельніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941-1945» для ўдзельнікаў мерапрыемства, якімі сталі настаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і кіраўнікі метадычных фарміраванняў настаўнікаў Мінскай вобласці.

Прадстаўленыя на выставе дакументы сведчаць аб бесчалавечных злачынствах нацыстаў і іх памагатых, учыненых у адносінах да мірнага насельніцтва, жанчын, дзяцей, старых, якія зведалі ўсе нягоды і жахі акупацыйнага рэжыму. Гісторыка-дакументальная экспазіцыя складзена на аснове актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў, а таксама сведчанняў відавочцаў, данясенняў, рапартаў і спецпаведамленняў, дакладаў партыйных і савецкіх органаў, заключэнняў следчых.

Дакументы закліканы засведчыць факты генацыду мірных савецкіх грамадзян, узгадаць і ўвекавечыць іх імёны, выявіць раней невядомыя факты зверстваў і злачынцаў, якія пазбеглі пакарання. Злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрміна даўнасці. Архіўныя дакументы – найважнейшыя доказы ўчыненых злачынстваў.