18 мая 2022 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў»

18 мая 2022 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» у цэнтры культурна-выхаваўчай работы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і прадставіў выставу архіўных дакументаў «Генацыд беларускага народа».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: намеснік міністра Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік Дзмітрый Карзюк, кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі падраздзяленняў цэнтральнага апарата МУС, курсанты Акадэміі і навучэнцы Спецыялізаванага ліцэя МУС, члены беларускага ваенна-гістарычнага клубнага аб’яднання «Гонар мундзіра».

Каля ўваходу ў музей МУС госці азнаёміліся з выставай рэтрааўтамабіляў, прадметаў ваенных гадоў, убачылі выступленне вайскоўцаў роты спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС. Кульмінацыяй стала адкрыццё часовай экспазіцыі, падрыхтаванай Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і ваенна-гістарычным клубным аб’яднаннем «гонар мундзіра».

Вітаючы гасцей, намеснік міністра ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Дзмітрый Карзюк адзначыў, што тэрыторыя музея Міністэрства ўнутраных спраў з’яўляецца гістарычнай скарбніцай беларускай міліцыі, дзе беражліва захоўваецца ўдзячная памяць аб кожным прыкладзе гераізму, мужнасці і самаахвярнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А. В. Кушнова таксама адзначыла, што архівам шмат робіцца для таго, каб данесці да кожнага беларуса гістарычную праўду пра факты генацыду праз навуковую, выставачную і публікацыйную дзейнасць.

Загадчыца аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М. А. Старасценка пазнаёміла са шматлікімі дакументальнымі сведчаннямі злачынстваў нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны – актамі надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі, у якіх утрымліваюцца звесткі не толькі па шкодзе, прычыненай нямецка-фашысцкімі захопнікамі народнай гаспадарцы БССР, але і злачынствамі, здзейсненымі фашыстамі супраць грамадзянскага насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама судова-следчымі справамі на ваенных злачынцаў, трафейнымі дакументамі, уліковымі карткамі на беларусаў, вывезеных на прымусовыя работы ў Германію, дырэктывамі начальніка штаба Галоўнага камандавання Узброеных сіл Германіі Кейтэля аб арганізацыі гаспадаркі на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза (план Барбарос), фотадакументамі Рэспубліканскай камісіі аб злачынствах, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Беларускай ССР і інш.

Многія дакументы ляглі ў аснову крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа.

На выставе былі прадстаўлены зборнікі архіўных дакументаў з серыі «Без тэрміну даўнасці» (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская вобласці). Выстава выклікала вялікую цікавасць ва ўсіх наведвальнікаў. Знаёмства з прадстаўленымі дакументамі, якія сведчаць аб страшных злачынствах і падзеях у гады Вялікай Айчыннай войны на тэрыторыі Беларусі, асабліва актуальна ў знакавы для кожнага беларуса Год гістарычнай памяці.

ДАДАТКОВА:

У Міністэрстве ўнутраных спраў стартавалі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня музеяў:

Ноч музеяў у новым фармаце
Трагедыя народа. У памяці і дакументах