10 сакавіка 2017 г. у Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці адбыўся вечар памяці, прысвечаны былому дырэктару архіва Ганне Васільеўне Церабунь

10 сакавіка 2017 г. у Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці адбыўся вечар памяці, прысвечаны былому дырэктару архіва Ганне Васільеўне Церабунь (1948-2007).

Менавіта ў гэты дзень, роўна 10 гадоў таму не стала гэтага выдатнага чалавека.

Церабунь Г. В. скончыла Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут па спецыяльнасці архівазнаўства ў 1973 годзе. Працоўную дзейнасць у дзяржархіве Брэсцкай вобласці пачала ў снежні 1970 г. За 10 гадоў Ганна Васільеўна прайшла шлях ад архіварыуса да загадчыка аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў, а са студзеня 1981 г. па май 2006 г. была дырэктарам архіва. І пасля добраахвотнага сыходу (па стане здароўя) з пасады дырэктара працягнула працаваць у архіве на пасадзе спецыяліста.

Ганна Васільеўна прысвяціла сваё жыццё архіўнай справе, прапрацаваўшы ў архіве 36 гадоў, з іх 25 – знаходзячыся на пасадзе дырэктара. Яна ўнесла значны ўклад у развіццё архіўнай справы Брэсцкай вобласці, валодала высокім прафесіяналізмам, была таленавітым арганізатарам і ўмелым кіраўніком. Актыўна займалася навукова-публікацыйнай дзейнасцю. Акрамя таго, валодала выдатнымі асабістымі якасцямі, такімі як працавітасць, добразычлівасць, сумленнасць, тактоўнасць, сціпласць, бескарыслівасць, безадмоўнасць.

За шматгадовую і добрасумленную працу ў архіўнай галіны Церабунь Г. В. узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1988), Ганаровай граматай Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (1998), знакам «Ганаровы архівіст Беларусі» (2004) і інш.

На вечары памяці прысутнічалі ветэраны і супрацоўнікі архіва, хто працаваў і супрацоўнічаў з Ганнай Васільеўнай, падзяліліся ўспамінамі, выказалі словы глыбокай павагі, удзячнасці.

У ходзе сустрэчы прысутным быў прадэманстраваны відэаролік, змантаваны з фатаграфій, на якіх адлюстравана Ганна Васільеўна.