Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваім бацькам у Брагінскі раён

У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аркадзя Сяргеевіча Сніцарэнкі ад 6 снежня 1943 года ў вёску Чамярысы Хракавіцкага (у цяперашні час – Чамярыскага) сельсавета Брагінскага раёна (Ф. 186. Воп. 3. Спр. 93. Арк. 497-497адв). Пісьмо змястоўвае наступныя радкі:

«Дарагія бацькі, я вам пішу пісьмо, але не ведаю, хто яго прачытае, хто застаўся жывы ці не, хто мяне парадуе. Я вельмі непакоюся аб вас, дарагія бацькі, татуля і матуля. Пішучы вам пісьмо, я вельмі гэтыя хвіліны перажываў цяжка, таму што думаю: напэўна няма ў жывых маёй любімай сястры Волечкі, дзе яна мяне парадавала б у сваіх пісьмах і апісала б мне ўсё, што адбывалася ў час акупацыі, як нямецкія вырадкі хацелі закабаліць наш народ і знішчыць, але людаеды пралічыліся. Дарагія бацькі, прашу вас, апішыце мне, што з вамі здарылася за гэты вялікі прамежак часовай акупацыі нямецкімі забойцамі. <…>

Дарагія бацькі, татуля і матуля. Прашу, паведайце мне, дзе мой любімы брат Савачка. Я страціў яго адрас з пачаткам вайны, [засталася] толькі адна яго фотакартка, і я перанёс гэту фотакартку праз агні і воды. <…>

Пакуль што бывайце здаровы, дарагія бацькі. Заставайцеся жывы і здаровы. Перадаю сваё франтавое прывітанне ўсім.

Ваш сын Аркадзь».

На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Аркадзь Сніцарэнка нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Чамярысы. 20 лістапада 1941 года быў прызваны ў Чырвоную армію. Ваяваў у складзе 696-га асобнага батальёна сувязі 9-га танкавага корпуса. 6 лістапада 1943 года сяржант Сніцарэнка ўзнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», 15 лютага 1945 года – медалём «За адвагу», 14 чэрвеня 1945 года – ордэнам Чырвонай Зоркі, а 6 красавіка 1985 года – ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Згодна з дадзенымі з пагаспадарчых кніг на вёску Чамярысы за 1944-1948 і 1996-2000 гады (Ф.194. Воп.3. Спр.7. Арк.23адв-24; Ф.194. Воп.3. Спр.14. Арк.93адв-94; Ф.194. Воп.3. Спр.147. Арк.72адв-73), бацька Аркадзя Сяргей Пятровіч 1878 года нараджэння памёр за некалькі дзён да Перамогі – 5 мая 1945 года. Брат Сава 1918 года нараджэння пасля вайны працаваў сакратаром сельсавета. Сам Аркадзь Сяргеевіч вярнуўся ў родную вёску і жыў там да самай смерці 5 верасня 1996 года.

 

1-4. ЗДАРэч. Ф.186. Воп.3. Спр.93. Арк.497-497адв.