Установе культуры «Музей гісторыі Магілёва» – 35 гадоў!
16 ліпеня 2025 г. споўнілася 35 гадоў з дня стварэння музея гісторыі Магілёва.
Супрацоўнікі архіва з нагоды круглай даты падрыхтавалі лічбавую копію рашэння выканаўчага камітэта Магілёўскага гарадскога Савета народных дэпутатаў «Аб стварэнні музея гісторыі горада Магілёва» ад 16 ліпеня 1990 года №4-34 і ўручылі яе дырэктару музея.
На аснове сабраных Іеранімам Іосіфавічам Філіповічам дакументаў па гісторыі горада Магілёва, выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб стварэнні гарадскога музея. Для размяшчэння экспазіцыі быў адведзены будынак былога архірэйскага дома свяціцеля Георгія Каніскага. Пазней музей пераехаў у адноўлены будынак Ратушы.
За гады працы музея яго фонды папоўніліся сотнямі і тысячамі экспанатаў. Найбольш каштоўнымі сярод іх з’яўляюцца старадрукі (Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года, «Апостал» Спірыдона Собаля, «Вялікае мастацтва артылерыі Казіміра Семяновіча), а таксама рыцарскія даспехі XV стагоддзя, перададзеныя на захоўванне археолагам І.А.Марзалюком.
Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» віншуе супрацоўнікаў музея з юбілеем і жадае ім творчых поспехаў і даўгалецця!
![]() |
| 1. Вядучы архівіст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі Аляксандр Петухоў уручае лічбавую копію дакумента аб стварэнні музея дырэктару ўстановы культуры «Музей гісторыі Магілёва» Сяргею Бяспанскаму. |
![]() |
| 2. Фота будынка ўстановы культуры «Музей гісторыі Магілёва». |

