Віртуальная выстава БДАМЛМ «Мне падарылі сонца ў дзень майго нараджэння…» да 100-годдзя Артура Вольскага (23.09.1924-05.09.2002)

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва падрыхтаваў віртуальную выставу да 100-годдзя вядомамага паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча Артура Вітальевіча Вольскага, які нарадзіўся 23 верасня 1924 года.

Некалькі пакаленняў беларусаў узгадаваліся на вершах і казках Артура Вольскага. Ён – аўтар звыш 40 дзіцячых кніг і стваральнік падручніка беларускай мовы «Беларусачка». Папулярнага ў 1980-х гадах персанажа Дзеда-барадзеда прыдумаў таксама Артур Вітальевіч. Яго п’есы ставіліся ў тэатрах Беларусі і за яе межамі. Артур Вітальевіч узнавіў па-беларуску нямала твораў яўрэйскіх, латышскіх, літоўскіх, рускіх, украінскіх, эстонскіх, і мн. інш. паэтаў.

У фондзе Артура Вольскага № 76 архівам-музеем захоўваюцца фотаздымкі, аўтарскія рукапісы і машынапісы п’ес і лібрэта, вершаў і апавяданняў; сцэнары мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў, радыёоперы і рок-мюзікла, артыкулы А.Вольскага пра М.Багдановіча, В.Вітку, М.Гусоўскага, Цётку; выступленні, рэцэнзіі, пропаведзі перад вернікамі, інтэрв’ю; успаміны пра школьныя гады, службу на Далёкім Усходзе, пра Я.Купалу, П.Глебку, З.Бядулю, В.Лукшу; нарысы пра гісторыю 16-га Койданаўскага пагранатраду (па ўспамінах В.Вольскага); карэспандэнцыя ад родных, а таксама ад Я.Брыля, Э.Друлле, Л.Танюка і інш. за 1972-90-я гг. і мн. інш.

Азнаёміцца з архіўнымі дакументамі, якія прэзентуюць творчыя дасягненні Артура Вольскага, вы можаце па спасылцы.