Дакументальная выстава «Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь: гісторыя і сучаснасць»
2 жніўня 2024 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў дакументальную выставу «Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь: гісторыя і сучаснасць», прымеркаваную да ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды 30-годдзя ўтварэння Камітэта дзяржаўнага кантролю і 105-годдзя органаў дзяржаўнага кантролю Беларусі. Выстава падрыхтавана сумесна з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі.
Фарміраванне структур дзяржаўнага кантролю як аднаго з базавых органаў дзяржаўнага кіравання пачалося адразу ж пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). У студзені 1919 г. быў створаны Камісарыят дзяржаўнага кантролю Часовага рабоча–сялянскага Савецкага ўрада Беларусі, які неўзабаве ў адпаведнасці з рашэннямі I Усебеларускага з’езда Саветаў быў ператвораны ў Камісарыят дзяржаўнага (пасля народнага) кантролю БССР (КНК).
Здабыццё незалежнасці Рэспублікай Беларусь запатрабавала перабудовы ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання. 4 ліпеня 1990 г. КНК БССР скасаваны, але ўжо 13 сакавіка 1992 г. быў прыняты Закон «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь», у адпаведнасці з якім была ўтворана Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь. 23 верасня 1992 г. створаны Дэпартамент эканамічнага кантролю пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Выніковае афармленне галоўнай кантрольнай службы краіны адбылося 2 жніўня 1994 г., калі была створана Служба кантролю Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (у 1995 г. ператворана ў Службу кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Правапераемнікам першага органа прэзідэнцкага кантролю з 1996 г. з’яўляецца Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК). У сувязі з гэтым, 2 жніўня ўстаноўлены Дзень работнікаў органаў дзяржаўнага кантролю.
Сёння Камітэт дзяржкантролю – гэта вышэйшы орган фінансавага кантролю краіны, асноўнай задачай якога з’яўляецца забеспячэнне эканамічнай бяспекі, кантроль выканання рэспубліканскага бюджэту і выкарыстання дзяржаўнай уласнасці.
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў на выставе ўнікальныя дакументы: даведка аб рэарганізацыі Наркамата Рабоча-сялянскай інспекцыі Беларусі; план унутранага ўладкавання і штаты Мінскага губернскага аддзялення дзяржаўнага кантролю; пасведчанні, мандаты і анкеты работнікаў; пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР аб пераўтварэнні Камісіі савецкага кантролю Савета Міністраў БССР у саюзнарэспубліканскі орган і мерах па ўзмацненні кантролю за выкананнем рашэнняў партыі і ўрада, справаздачы аб рабоце Наркамата дзяржаўнага кантролю БССР; распараджэнне Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь аб рэарганізацыі структуры; аналізы вынікаў работы Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, акты праверак, асабістыя справы кіраўнікоў КДК і іншыя дакументы.
Загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з унікальнымі дакументамі.
1. Намеснік дырэктара НАРБ С.В.Кулiнок і загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка на выставе. |
2. Старасценка М.А. прадстаўляе дакументальную выставу работнікам Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь |
3. Старасценка М.А. прадстаўляе дакументальную выставу работнікам Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь |
4. Старасценка М.А. прадстаўляе дакументальную выставу работнікам Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь |
5. План унутранага ўладкавання і штаты Мінскага губернскага аддзялення Дзяржаўнага кантролю (1919 г.), стар.1 |
6. План унутранага ўладкавання і штаты Мінскага губернскага аддзялення Дзяржаўнага кантролю (1919 г.), стар.2 |
7. Мандат супрацоўнікаў Рабоча-сялянскай інспекцыі (1920 г.) |
8. Праект арганізацыі Наркамата Рабоча-сялянскай інспекцыі Беларусі (1920 г.) |
9. Асабістая анкета для служачых Наркамата Рабоча-сялянскай інспекцыі (1921 г.), стар.1 |
10. Асабістая анкета для служачых Наркамата Рабоча-сялянскай інспекцыі (1921 г.), стар.2 |