Аб удзеле ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» у падрыхтоўцы і адкрыцці часовай экспазіцыі «Адзінай памяці верныя»

22 верасня 2023 года ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «Адзінай памяці верныя», прысвечанай 80-й гадавіне пачатку вызвалення Беларусі.

Першы раздзел часовай экспазіцыі прысвечаны гераічным дзеянням савецкіх воінаў у баях за вызваленне ўсходніх раёнаў Беларусі ў верасні – лістападзе 1943 г.

У пачатку мерапрыемства з прывітальным словам да гасцей звярнуўся дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны В.С. Варапаеў. Уладзімір Сяргеевіч адзначыў, што часовая экспазіцыя «Адзінай памяці верныя» з’яўляецца данінай памяці ветэранам, усяму ваеннаму пакаленню і, адначасова, зваротам да моладзі, да нашчадкаў пераможцаў.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця з прывітальнымі і віншавальнымі словамі таксама выступілі дырэктары музеяў-партнёраў, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы экспазіцыі, прадстаўнікі Россупрацоўніцтва, Выканаўчага камітэта СНД і Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Ганаровыя госці павіншавалі прысутных з адкрыццём экспазіцыі, адзначылі важнасць захавання гісторыі нашай краіны і выказалі падзяку ўсім тым, хто аддаў сваё жыццё за свабоду Беларусі.

У сваім выступленні дырэктар установы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (далей – БДАКФФД) Андрэй Мікалаевіч Ганчар падкрэсліў ролю абодвух арганізацый-партнёраў у захаванні гістарычнай памяці, фарміраванні дакладнай карціны мінулага нашай краіны.

Як партнёр праекта, БДАКФФД падрыхтаваў і перадаў фрагменты 4 кінадакументаў. Яны прысвечаны пачатку вызвалення беларускіх зямель, правядзенню Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі.

Арганізатары выстаўкі адзначылі, што адкрыццё часовай экспазіцыі «Адзінай памяці верныя» – толькі пачатак шляху вызвалення Беларусі. Выстаўка будзе дапоўнена і ў выніку раскажа ўсю гісторыю вызвалення нашай краіны.

 

Падчас адкрыцця часовай экспазіцыі «Адзінай памяці верныя»
Адзін са стэндаў часовай экспазіцыі «Адзінай памяці верныя»