4 мая 2017 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя навуковага выдання «Брэст у 1941-1944 гг. Акупацыя: дакументы і матэрыялы»
4 мая 2017 г., напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі, у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя навуковага выдання «Брэст у 1941-1944 гг. Акупацыя: дакументы і матэрыялы», падрыхтаванага дзяржаўным архівам Брэсцкай вобласці пры ўдзеле выкладчыкаў гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, якое з’яўляецца працягам серыі зборнікаў «Брэст у 1919-1939 гг. Дакументы і матэрыялы» (Брэст, 2009), «Брэст у 1939-1941 гг. Дакументы і матэрыялы» (Брэст, 2012).
У зборніку публікуецца 334 дакументы, выяўленыя ў дзяржархіве Брэсцкай вобласці, па гісторыі г. Брэста ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, якія адлюстроўваюць жыццё горада ва ўмовах акупацыі: структуру акупацыйнага гарадскога кіравання, усталяваны акупацыйны рэжым, умовы жыцця насельніцтва, стан эканомікі і гаспадаркі, дзейнасць гандлёва-прамысловых прадпрыемстваў, сістэму забеспячэння і харчовага забеспячэння горада, падатковую палітыку акупантаў, фінансава-грашовую сітуацыю, стан аховы здароўя і школьнай справы, санітарны стан горада, дэмаграфічную сітуацыю, палітыку акупацыйных улад у дачыненні да габрэйскага насельніцтва, у сферы працы і рабочай сілы і інш., а таксама дзейнасць падпольнай партыйнай арганізацыі.
Амаль усе дакументы публікуюцца ўпершыню. Зборнік праілюстраваны копіямі дакументаў і фатаграфіямі.
Выданне разлічана на гісторыкаў, краязнаўцаў, архівістаў, а таксама будзе цікава шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй горада Брэста.
У прэзентацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады вобласці і горада, кіраўнікі Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», абласнога краязнаўчага музея, абласной бібліятэкі, прадстаўнікі навукі, культуры, адукацыі, грамадскасці, сродкаў масавай інфармацыі і інш.
Адкрыла прэзентацыю дырэктар дзяржархіву Брэсцкай вобласці Г.Г.Карапузава. Яна дала характарыстыку архіўным фондам і дакументам, якія ляглі ў аснову зборніка, распавяла, як ішла праца над зборнікам.
Прагучалі выступленні аднаго са складальнікаў зборніка, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Я.С.Разенблата; рэцэнзентаў выдання: кандыдата гістарычных навук В.І.Адамушкі і заг. кафедры гісторыі Беларусі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С.Пушкіна, кандыдата гістарычных навук, дацэнта У.В.Здановіча, начальніка аддзела па архівах і справаводству галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Н.М.Кралько, выкладчыкаў гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржуніверсітэта і інш.
Выступоўцы высока ацанілі выданне і яго значнасць для вывучэння гісторыі горада напярэдадні яго 1000-гадовага юбілею.
У ходзе прэзентацыі Г.Г.Карапузава і Я.С.Разенблат адказалі на пытанні тых, хто прыйшоў на прэзентацыю: гісторыкаў, краязнаўцаў і журналістаў.
Выступленні суправаджаліся мультымедыйнай прэзентацыяй некаторых дакументаў і фатаграфій, якія ўвайшлі ў зборнік. У рамках прэзентацыі экспанавалася выстава кніг з фондаў абласной бібліятэкі, прысвечаных гісторыі горада Брэста ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.



