13 і 14 чэрвеня 2018 г. у г. Гомелі Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы правёў выязныя практыка-арыентаваныя семінары

13 і 14 чэрвеня 2018 г. у г. Гомелі Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС) правёў выязныя практыка-арыентаваныя семінары «Справаводства ў кадравай службе прадпрыемства» і «Справаводства на прадпрыемстве».

Семінары былі арганізаваны па ініцыятыве Упраўлення па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі кадраў РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта». У іх працы прынялі ўдзел больш за 60 чалавек, якія прадстаўлялі справаводчыя, кадравыя і юрыдычныя службы прадпрыемства і яго падраздзяленняў. З лекцыямі перад слухачамі выступіў дырэктар БелНДІДАС А. Я. Рыбакоў.

На семінарах было разгледжана шырокае кола пытанняў: правілы афармлення дакументаў у адпаведнасці з СТБ 6.38-2016 і Інструкцыяй па справаводству ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях; дакументазварот у арганізацыі, прыём, рэгістрацыя і выкананне ўваходных, выходных і ўнутраных дакументаў; кантроль выканання дакументаў; асаблівасці працы з дакументамі ў электронным выглядзе, электронны дакументазварот; парадак складання, узгаднення, зацвярджэння, афармлення і выкарыстання наменклатуры спраў арганізацыі; фарміраванне і афармленне спраў у справаводстве; экспертыза каштоўнасці і ўстанаўленне тэрмінаў захоўвання дакументаў, адбор дакументаў для перадачы на захоўванне ў архіў і да знішчэння; фарміраванне, вядзенне і захоўванне асабістых спраў работнікаў. У рамках семінара былі разгледжаны канкрэтныя практычныя сітуацыі, праблемы, якія ўзнікаюць пры арганізацыі працы з дакументамі на прадпрыемстве, выпрацаваны прапановы па іх вырашэнню.

Удзельнікі семінара адзначылі высокі ўзровень праведзенага мерапрыемства і выказалі падзяку яго арганізатарам.