Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Міжнародны круглы стол «Дакумент, архівы, памяць: навуковыя традыцыі і выклікі лічбавай эпохі: да 35-годдзя Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы»


Гістарычны факультэт БДУ і Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС) запрашаюць прыняць удзел у Міжнародным круглым стале «Дакумент, архівы, памяць: навуковыя традыцыі і выклікі лічбавай эпохі: да 35-годдзя Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы».

Гістарычны факультэт БДУ і БелНДІДАС звязвае шматгадовае супрацоўніцтва. Інстытут, з’яўляючыся на працягу трох з паловай дзесяцігоддзяў вядучым навукова-метадычным цэнтрам Беларусі ў галіне дакументазнаўства, архівазнаўства і археаграфіі, сваімі распрацоўкамі і практычным вопытам шмат у чым вызначыў развіццё галіны, а факультэт, і перш за ўсё кафедра крыніцазнаўства, забяспечыў навуковае асэнсаванне дакумента і падрыхтоўку спецыялістаў. Абапіраючыся на метадычную і нарматыўную базу, распрацаваную інстытутам, кафедра разам з БелНДІДАС фармавала падыходы да вывучэння дакумента як гістарычнай крыніцы і аб’екта архіўнага захоўвання. Цеснае супрацоўніцтва інстытута з гістарычным факультэтам БДУ, у прыватнасці, з кафедрай крыніцазнаўства, спрыяла развіццю і ўдасканаленню крыніцазнаўства, спецыяльных гістарычных дысцыплін, дакументазнаўства і архівазнаўства ў нашай краіне.

Круглы стол дазволіць абмеркаваць вынікі шматгадовай працы, актуальныя праблемы і перспектывы развіцця справаводства і архіўнай справы ва ўмовах лічбавай трансфармацыі дзяржавы і грамадства. Запрашаем да ўдзелу даследчыкаў, выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў, архівістаў, дакументазнаўцаў і ўсіх, каго цікавяць пытанні фарміравання, захавання і вывучэння дакументальнай спадчыны.

Праблемнае поле круглага стала:

  • Дакументазнаўства, архівазнаўства, крыніцазнаўства ў Беларусі: тэарэтыка-метадалагічныя асновы і сучасныя тэндэнцыі.
  • Гісторыя станаўлення і развіцця БелНДІДАС: этапы, дасягненні.
  • Археаграфія: традыцыі і новыя падыходы.
  • Цыфравізацыя архіваў і электронны дакументаабарот: вопыт, праблемы, перспектывы.
  • Крыніцазнаўчы патэнцыял электронных дакументаў і інфармацыйных рэсурсаў.
  • Падрыхтоўка кадраў для архіўнай і дакументацыйнай сферы: узаемадзеянне навукі, адукацыі і практыкі.
  • Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне архіўнай справы і справаводства.

Месца правядзення: Мінск, гістарычны факультэт БДУ (вул. Чырвонаармейская, 6).

Дата правядзення: 16 снежня 2026 г.

Рабочыя мовы: беларуская, руская.

Для ўдзелу ў круглым стале неабходна да 25 лістапада 2026 года запоўніць электронную рэгістрацыйную форму, якая размешчана па спасылцы.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак для ўдзелу. Праезд, пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў круглага стала за кошт камандзіруючай арганізацыі.

Адрас аргкамітэта: вул. Чырвонаармейская, 6, гістарычны факультэт БДУ, каб. 216, 220030, г.Мінск