Памяць зямлі: Занальны дзяржархіў у г.Маладзечне прадставіў выставу «Аграрная палітыка на Вілейшчыне»
Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна падрыхтаваў дакументальную выставу, прысвечаную гісторыі сельскай гаспадаркі Вілейшчыны ў перыяд з 1939 па 1952 гады. Экспазіцыя, прымеркаваная да святкавання Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, раскрывае складаныя і важныя перыяды ў жыцці беларускай вёскі.
У яе аснове – сапраўдныя архіўныя дакументы: справаздачы калгасаў і саўгасаў, пратаколы збораў аграрыяў, дырэктывы па размеркаванні зямлі і іншае.
Наведвальнікі змогуць убачыць дакументы, якія сведчаць аб становішчы сельскай гаспадаркі рэгіёна ў міжваенны перыяд, аб першых кроках па паляпшэнні жыцця сялянства. Прадстаўлены матэрыялы аб трагічных наступствах вайны, калі праціўнікам былі знішчаны тысячы дамоў, разрабавана жывёла і запасы збожжа.
Асаблівую цікавасць выклікаюць пратаколы першых пасляваенных сходаў калгаснікаў 1944 года, калі людзі, якія страцілі ўсё, аб’ядноўвалі намаганні і рэсурсы, каб правесці першую сяўбу і падняць зямлю з руін. Выстава паказвае, як праз найцяжэйшыя выпрабаванні, самаадданую працу і надзею на лепшае сяляне Вілейшчыны аднаўлялі разбураную гаспадарку.
«Гэтыя пажоўклыя ад часу даведкі, зводкі і асабістыя лісты – не проста сухія лічбы статыстыкі. За кожнай справаздачай аб здачы хлеба дзяржаве або аб уводзе ў строй новага калгаса стаяць лёсы людзей, іх цяжкая, але стваральная праца», – дзеліцца меркаваннем архівіст Анастасія Крэнць. – «Наша задача – захаваць гэтую памяць і перадаць яе новым пакаленням, каб мы заўсёды памяталі, якім коштам здабываўся кожны колас».
![]() |
![]() |
![]() |
| 1-3. Падчас знаёмства з выставай. |



