Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваім родным ў Хойніцкі раён
У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Хойніцкага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Міхайлавіча Сачанкі ад 5 кастрычніка 1944 года ў вёску Храпкаў Хойніцкага раёна (Ф.13. Воп.3. Спр.391. Арк.185-186адв). Пісьмо змястоўвае наступныя радкі:
«Добры дзень, дарагая маці і сястра Лена! У першых радках майго пісьма хачу паведаміць, дарагія бацькі, што я атрымаў ваша пісьмо, якое вы пісалі 11.9.44 года і за якое вельмі і вельмі дзякую. Атрымаў [яго] 4 кастрычніка ў 10 гадзін вечара. Якая радасць! За тры месяцы першае пісьмо атрымаў.
Дарагія бацькі, я вельмі задаволены, што вы ў цяперашні час знаходзіцеся жывыя і здаровыя. Так, дарагія бацькі, вы пішаце мне ў пісьме, што мой сябар і таварыш, з якім мы жылі дома, разам гулялі і ў арміі разам служылі восем месяцаў, нават разам спалі, на 1 верасня 1944 года разлучыліся, заехаў дамоў. Канешне ж, дарагая маці, ён вам расказаў пра наша жыццё ў Кіраве, у дарозе, у горадзе Брэст-Літоўску. Калі ён быў у вас ці вы з ім бачыліся, то ён шмат чаго цікавага расказаў. Але гэта ўсё дробязь. І як мы з Валодзей былі тут, то таксама было жыць добра. Так, дарагія бацькі, вы пішаце, што Валодзей паслалі пасылачку і пісьмо мне. Я, канешне ж, гэтага ад яго не атрымаю, таму што я застаўся тут, у Брэсце, а ён уехаў, як я слыхаў, напэўна, на фронт. Але нічога, маці, гэта ўсё дробязь. Пасылкі мне ніякія вашы не патрэбны. Глядзіце самі сябе, сваё здароўе. Аба мне не непакойцеся. Жыць буду, то і я дамоў прыеду. <…>
Так, маці, вы пішаце, што няма сена. Яно вам і не патрэбна. Карова будзе есці і салому, толькі б салома была. Дома і салома ядома. З дравамі як-небудзь старайцеся ды прывязіце, калі [іх] няма. Так, напішыце, ці дома дзядзька Цімох, Вера, Міша і ўсе астатнія. Ці пазабіралі моладзь у ФЗА?Каго забралі?Увогуле, пішыце ўсе свае навіны.
Але пакуль да пабачэння. Застаюся жывы і здаровы, чаго і вам жадаю. Прывітанне ўсім родным і знаёмым. Маё сардэчнае прывітанне Станіславу Сафронавічу. Чакаю адказу. Ваш сын Рыгор Міхайлавіч Сачанка».
На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Рыгор Сачанка нарадзіўся 16 снежня 1924 года ў вёсцы Храпкаў. З 1943 года ваяваў у складзе 36-га і 254-га запасных стралковых палкоў. 6 красавіка 1985 года ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
Згодна з дадзенымі з пагаспадарчых кніг на вёску Храпкаў за 1944-1948 і 1983-1985 гады (Ф.62. Воп.3. Спр.18. Арк.10адв-11; Ф.62. Воп.3. Спр.36. Арк.14адв-15; Ф.17. Воп.3. Спр.108. Арк.77адв-78), у пасляваенны час малодшы сяржант Сачанка вярнуўся ў родную вёску. Працаваў рабочым у саўгасе «Судкова». Ажаніўся з Марыяй Васільеўнай, у пары трое сыноў – Уладзімір, Мікалай і Міхаіл.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
| 1-6. ЗДАРэч. Ф.13. Воп.3. Спр.391. Арк.185-186адв |






