Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваёй сям’і ў Брагінскі раён
У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Лаўрэнція Міхайлавіча Ляшчынскага ад 5 мая 1944 года ў вёску Кавака Брагінскага раёна (Ф. 186. Воп. 3. Спр. 94. Арк. 704-704адв). Тэкст пісьма:
«Наташа, Танюша і Ніначка, я вельмі рад, што наш чалавек бачыў вас і перадаў мне, што вы пакуль жывы і як быццам здаровы. Толькі дрэнна, што не паспелі напісаць што-небудзь аб сабе. А тут не зразумець было, што з вамі адбываецца: ужо другі месяц праходзіць, і ніводнага пісьма не атрымаў, быццам вы скрозь землю праваліліся. Гасцінец ад вас атрымаў.
Наташа, ахвота ведаць: што перавезла з Бераснёўкі? Колькі сядзібы адвялі вам і што пасеялі? Калі скончыш працу ў школе?
Танюша, калі намячаюцца іспыты ў 4-м класе і па якіх прадметах? Напішаш, Танюша, як твае справы з вучобай увогуле. Танюша, дапамагай маме пасеяць і пасадзіць што-небудзь у агародзе, да так вырасціць пасеў, каб, вярнуўшыся дамоў, я пахваліў вас.
Наташа, ці звярталася ты ў Брагінскі райваенкамат за даведкай на мяне? Калі звярталася, то што адказалі? Мабыць, ты не атрымала майго пісьма, у якім я прасіў цябе звярнуцца ў ваенкамат за даведкай на мяне, што 7 снежня 1943 г. ваеннай камісіяй я прызнаны годным да нестраявой па 26-м артыкуле раскладу хвароб. Коратка кажучы, пастарайцеся адказаць на мае пытанні.
Наташа, прасі пэўнага чалавека глядзець за нашым пасевам у Бераснёўцы, паабяцай пэўную плату натурай.
Але пакуль жадаю вам здароўя і добрых поспехаў. Цалую вас, мае малышкі. Ваш тата».
На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Лаўрэнцій Ляшчынскі быў прызваны ў Чырвоную армію 4 снежня 1943 года. Служыў у 215-м армейскім запасным стралковым палку.
![]() |
![]() |
| 1-2. ЗДАРэч Ф.186 Воп. 3 Спр.94 Арк.704-704адв |


