Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Віртуальная выстава «Ля вытокаў нацыянальнай кампазітарскай школы» на сайце БДАМЛМ

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прадстаўляе новую віртуальную выставу «Ля вытокаў нацыянальнай кампазітарскай школы», прысвечаную жыццёваму і творчаму шляху аднаго з найстарэйшых прадстаўнікоў айчыннай музычнай культуры, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Васіля Аляксандравіча Яфімава (11(23).11.1881 – 25.06.1955).

В.А.Яфімаў унёс вялікі ўклад у развіццё мастацкай самадзейнасці і прафесійнага музычнага мастацтва ў складаны перыяд станаўлення беларускай культуры. Ён з’яўляецца аўтарам двух квартэтаў для дзвюх скрыпак, альта і віяланчэлі, шматлікіх харавых твораў, песень і рамансаў. Асаблівае месца ў яго дзейнасці займалі збор фальклорнага матэрыялу і апрацоўка народных песень. Многія сачыненні кампазітара набылі шырокую вядомасць, сістэматычна гучалі па радыё і выконваліся як самадзейнымі, так і вядомымі прафесійнымі калектывамі рэспублікі.

Не менш значнай была дзейнасць В.А.Яфімава ў навукова-метадычнай і педагагічнай сферах. Напісаны ім падручнік «Элементарная теория музыки» стаў фундаментальным і быў надзвычай запатрабаваным у многіх навучальных установах краіны.

Шматгранная праца і актыўная грамадская пазіцыя В.А.Яфімава былі высока ацэнены дзяржавай: у лютым 1955 года яму было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Ён узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг»., а таксама абіраўся дэпутатам Ленінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных г.Мінска двух скліканняў.

Аснову віртуальнай экспазіцыі склалі дакументы з асабістага фонда В.А.Яфімава, якія паступілі на дзяржаўнае захоўванне ў БДАМЛМ 10 сакавіка 1977 года ад дачкі кампазітара – Наталлі Васільеўны Яфімавай. На выставе прадстаўлены нотныя рукапісы, фотаздымкі і дакументы да біяграфіі, якія дазваляюць усебакова ацаніць спадчыну гэтага выдатнага майстра.

Запрашаем даследчыкаў і ўсіх аматараў нацыянальнага мастацтва азнаёміцца з віртуальнай выставай «Ля вытокаў нацыянальнай кампазітарскай школы» на афіцыйным сайце БДАМЛМ.