Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваім дзецям у Брагінскі раён
У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Максіма Яўціхавіча Лявоненкі ад 2 снежня 1944 года ў вёску Вуглы Брагінскага раёна (Ф.186 Воп.3 Спр.94 Арк.714-714адв). Пісьмо змястоўвае наступныя радкі:
«Добры дзень, дарагія мае дзеткі Колечка, Лёнічак і дачушка Кацька. У пачатку майго пісьма пасылаю я вам свой бацькоўскі нізкі паклон і пажадаю я вам, дарагія дзеткі, добрага здароўя і ўсяго найлепшага ў вашым цяперашнім дамашнім жыцці.
Дарагой мой сынок Колечка, калі ты атрымаеш маё пісьмо, то прашу я цябе: пастарайся і напішы мне адказ. А я калі буду жывы, то я пра вас, дарагія дзеткі, не думайце, што пазабудуся. Не, я пра вас не забываўся і забывацца пра вас не буду, пакуль жывы буду. <…>
Калі Бог пашле, то, мабыць, я застануся цэлы і здаровы. Але тым ворагам, якія для мяне капаюць яму, буду помсціць да сваёй смерці. Такіх ворагаў біў і біць буду. А ўсялякія цяжкасці пераносіў і пераносіць буду. Мне ўсюды добра, дзе б толькі я ні быў. Я сваёй працай сам сябе ўсюды апраўдаю, а таму і для мяне ўсё добра. <…>
Бывайце пакуль што. У нас зіма, мароз і снег. Месца наша бліжэй да Масквы».
На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Максім Лявоненка нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Вуглы. Прызваны ў Чырвоную армію 24 красавіка 1944 года. Служыў у 698-м стралковым палку 146-й стралковай дывізіі. 5 чэрвеня 1945 года ўзнагароджаны медалём «За адвагу».
Згодна з дадзенымі з пагаспадарчай кнігі на вёску Вуглы за 1944-1946 гады (Ф.473 Воп.3 Спр.3 Арк.68адв-69), пасля дэмабілізацыі Максім Лявоненка вярнуўся дамоў і працаваў брыгадзірам у калгасе.
![]() |
![]() |
| 1-2. ЗДАРэч Ф.186 Воп.3 Спр.94 Арк.714-714адв |


