Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

«Ад сямейных легенд да архіўных дакументаў»: у ЗДА ў г.Маладзечна адбылася анлайн-сустрэча з выхаванцамі НДЦ «Зубраня»

У Зональным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечна адбылася анлайн-сустрэча з выхаванцамі Нацыянальнага дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Зубраня», прысвечаная архіўнаму пошуку і генеалагічным даследаванням. Галоўная мэта — паказаць, што архіў гэта не проста сховішча дакументаў, а месца, дзе можна аднавіць гісторыю сваёй сям’і.

У ходзе сустрэчы рэбята даведаліся, што перш чым ісці ў архіў, неабходна прайсці хатні этап. Распытаць сваякоў, сабраць старыя фатаграфіі, лісты, дакументы, запісаць вядомыя факты: прозвішча, імя, імя па бацьку, гады і месца нараджэння, веравызнанне. Важна вызначыць геаграфічную прывязку — да якой воласці, павета ці сельсавета адносілася вёска, дзе жылі продкі. У гэтым дапамагаюць гістарычныя даведнікі і сайты.

Было падкрэслена: у архіў варта ісці тады, калі ёсць канкрэтнае, дакладнае пытанне і мінімальныя зыходныя дадзеныя. Запыт «знайдзіце майго прадзеда Іванова, ён жыў недзе пад Маладзечна» выніку не дасць. А запыт «Іваноў Пётр Пятровіч, нарадзіўся ў 1928 годзе ў в. Красоўшчына Маладзечанскага раёна, прашу знайсці запіс аб нараджэнні» — гэта ўжо аснова для пошуку.

У залежнасці ад перыяду, архівы захоўваюць розныя крыніцы. Для савецкага часу — гэта гаспадарчыя кнігі сельсаветаў (склад сям’і, даты нараджэння, гаспадарка), дакументы ЗАГС старэйшыя за 75 гадоў, асабовыя справы з месцаў працы і вучобы. Для дарэвалюцыйнага перыяду — метрычныя кнігі цэркваў і касцёлаў, рэвізскія казкі і спавядальныя ведамасці. Гэтыя дакументы дазваляюць замяніць сямейныя легенды афіцыйнымі сведчаннямі.

Рабятам расказалі аб правілах афармлення запыту. У ім абавязкова павінны быць тры блокі: Хто (напрыклад, прозвішча, імя, імя па бацьку шуканай асобы, дзявочае прозвішча (для жанчын), веравызнанне), Дзе (дакладнае месца падзеі і адміністрацыйна-тэрытарыяльная прывязка) і Калі (канкрэтны год або дыяпазон у 3–5 гадоў). Запыт пішацца на імя дырэктара архіва, з указаннем кантактных даных заяўніка.

Асобны блок быў прысвечаны архіўнаму шыфру — унікальнаму «адрасу» кожнага дакумента. Ён складаецца з назвы архіва, нумара фонду, вопісу, справы і ліста. Указанне шыфру ў даследчай працы, прэзентацыі або відэароліку робіць яе даставернай і правяраемай.

Дзецi даведаліся, што звычайны чалавек можа перадаць свае дакументы ў дзяржаўны архіў — сямейныя лісты, фатаграфіі, дзённікі, успаміны. Каштоўнасць матэрыялаў вызначаецца экспертызай: архівы зацікаўлены ў папаўненні фондаў, асабліва калі дакументы адлюстроўваюць гісторыю канкрэтнага рэгіёна і ўяўляюць інтарэс для дзяржавы і грамадства.

Сустрэча атрымалася практычнай: «зубраняты» не толькі даведаліся, як шукаць звесткі аб сваіх продках, але і зразумелі, што архіў адкрыты для іх — як для даследчыкаў, так і як для магчымых захоўвальнікаў сямейнай памяці.

 

1. Выхаванцы НДЦ «Зубраня»
2. Падчас анлайн-сустрэчы
3. Спікеры А.В.Крэнць і Т.В.Шылко
4. Падчас анлайн-сустрэчы