Захоўваючы гістарычную праўду: архівісты Магілёва і Астрахані правялі сумесную відэаканферэнцыю
Міжнароднае супрацоўніцтва пабрацімскіх гарадоў працягвае развівацца ў лічбавым фармаце. 15 кастрычніка 2026 года ўстанова «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» і дзяржаўная казённая ўстанова «Дзяржаўны архіў Астраханскай вобласці» правялі сумесную відэаканферэнцыю, прысвечаную патрыятычнаму выхаванню і працы з моладдзю.
Сустрэча прайшла ў рамках дзейнага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж архіўнымі ўстановамі двух рэгіёнаў. Галоўнай мэтай дыялогу стаў абмен вопытам па захаванні гістарычнай памяці і далучэнню падрастаючага пакалення да вывучэння дакументальнай спадчыны нашых краін.
Ва ўступным слове намеснік дырэктара ўстановы «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» Людміла Цалабанава ахарактарызавала ўзаемадзеянне архіва з маладзёжнай аўдыторыяй. Канкрэтныя прыклады такой работы, у прыватнасці ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», прывёў у сваім дакладзе загадчык аддзела навуковага выкарыстання і публікацыі дакументаў Аляксандр Петухоў.
Прыкладам выкарыстання архіўных дакументаў у інтэрактыўных праектах падзялілася кіраўніца Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтка, драматург, сцэнарыст і рэжысёр Вольга Бялова. У сваім выступленні яна расказала пра знакавы культурна-адукацыйны праект «Ажыўшыя лісты вайны», накіраваны на глыбокае эмацыйнае ўспрыманне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праз унікальныя франтавыя лісты, якія захоўваюцца ў фондах архіва.
Важнай часткай відэаканферэнцыі стаў непасрэдны ўдзел самой моладзі. Сваім вопытам вывучэння архіўных дакументаў для падрыхтоўкі навукова-даследчай работы падзяліліся навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа №21 г.Магілёва» Мацвей Адакімчык і Багдан Даніленка.
Па выніках сустрэчы ўдзельнікі намецілі далейшы план сумесных мерапрыемстваў.
![]() |
| 1. Тытульны ліст відэаканферэнцыі. |
![]() |
| 2. Удзельнікі мерапрыемства. |
![]() |
| 3. Прэзентацыя культурна-адукацыйнага праекта «Ажыўшыя лісты вайны». |
![]() |
| 4. Выступленне кіраўніка Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгі Бяловай. |
![]() |
| 5. Фрагмент прэзентацыі, прадстаўленай расійскім бокам. |





