Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Аб падвядзенні вынікаў конкурсу «Беларуская жанчына: захавальніца сямейных каштоўнасцей» ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці»

14 кастрычніка 2026 г., у адно з самых цёплых і кранальных свят восені, у Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню маці і праваслаўнаму святу Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Дырэктар архіва Юрый Шастапалаў і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Святлана Прымакова душэўна і цёпла павіншавалі супрацоўнікаў архіва з цудоўным светлым святам, бо асноўную частку калектыву складаюць жанчыны. Юрый Шастапалаў расказаў калектыву пра цікавыя факты паходжання свята Дзень маці і падзякаваў жанчынам архіва, чыя сямейная любоў і клопат становяцца першай і самай надзейнай апорай у жыцці.

– Толькі маці ўмее любіць так бескарысліва і аддана сваіх дзяцей, яна дае першыя ўрокі маральнасці і захоўвае сямейныя ідэалы: пачуццё гонару і годнасці, дружбы і ўзаемадапамогі, шанаванне бацькоў, міласэрнасць, роднасныя сувязі, – сказаў Юрый Шастапалаў.

Падчас святочнага мерапрыемства ў чытальнай зале архіва адбылося падвядзенне вынікаў і цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў конкурсу «Беларуская жанчына: захавальніца сямейных каштоўнасцей», які быў прысвечаны папулярызацыі і рэалізацыі ідэі Года беларускай жанчыны і далучэнню да культурнай спадчыны краіны.

Прадметамі конкурсу ў намінацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Прыгажосць рукамі жанчын» сталі вырабленыя самастойна супрацоўнікамі архіва работы: мастацкія аўтарскія мяккія цацкі з тэкстылю, вышыўка бісерам, восеньскія нацюрморты з агародніны і садавіны, дрэва і прыроднага матэрыялу, а таксама пляценне, якія адлюстроўваюць ідэю Года беларускай жанчыны.

У намінацыі «Вобраз жанчыны ў сямейным архіве» былі прадстаўлены генеалагічныя даследаванні гераічных лёсаў жанчын у перыяд Вялікай Айчыннай вайны з сямейнага архіва архівістаў.

Экспертнай камісіі было неверагодна складана вызначыць пераможцаў, бо кожная работа – гэта ўнікальны шэдэўр, які патрабуе каласальнага цярпення, таленту і майстэрства.

За высокае майстэрства, захаванне нацыянальных традыцый і творчы падыход да культурнай спадчыны краіны ў намінацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Прыгажосць рукамі жанчын» дыпломам першай ступені была ўзнагароджана супрацоўніца групы эксплуатацыі і абслугоўвання будынкаў Святлана Вішнякова, дыпломам другой ступені была ўзнагароджана бухгалтар Вольга Крывянкова, дыпломам трэцяй ступені – архівіст Вольга Кацур. Дыпломамі лаўрэатаў былі ўзнагароджаны архівісты Тамара Макарэвіч, Вольга Таплёнкіна, загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Вольга Шуроўская.

За захаванне сямейных традыцый, беражлівыя адносіны да каранёў сваёй сям’і, гістарычную каштоўнасць і творчую візуалізацыю даследавання дыпломам 1-й ступені былі ўзнагароджаны архівіст Вікторыя Рудэнка і загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Вольга Шуроўская.

Пераможцам і ўдзельніцам конкурсу былі ўручаны ганаровыя дыпломы, а таксама заслужаныя памятныя падарункі.

Напрыканцы мерапрыемства Юрый Шастапалаў падзякаваў усім удзельнікам за захаванне нацыянальных традыцый і творчы падыход і пажадаў жанчынам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і міру.

 

1. Кіраўніцтва абласнога архіва віншуе калектыў з Днём маці
2-3. Архівісты падчас правядзення мерапрыемства
4-5. Узнагароджаныя пераможцы і ўдзельнікі конкурсу «Беларуская жанчына: захавальніца сямейных каштоўнасцей»
6-8. Экспанаты намінацыі «Прыгажосць рукамі жанчын»