Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваім бацькам у Брагінскі раён
У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Ульяна Андрэевіча Кандраценкі ад 23 красавіка 1944 года ў вёску Кавака Брагінскага раёна (Ф.186. Воп.3. Спр.94. Арк.543-543адв). Пісьмо змястоўвае наступныя радкі:
«Добры дзень, дарагія бацькі, тата, мама і сястрычка Васка!!!
Дарагія мае! Ужо ў мінулым засталася самае вясёлае ўрачыстае свята Вялікдзень (16 красавіка – Аўт.), якое я спадзяваўся правесці з вамі разам. Але нечаканая выпадковасць не здзейсніла мае мары. Я хадайнічаў аб водпуску на 10 дзён, які мне абяцалі. Для гэтага былі ўжо падрыхтаваны дакументы для паездкі да вас у госці. Але нечаканы прыказ не даў магчымасці мне паехаць. <…>
Тата! Накот калгаса, які пачынае там арганізоўвацца. Я вам раю рабіць так, як вашы аднавяскоўцы, г. зн. уступіць у калгас і па сіле магчымасці дапамагчы яго аднавіць. Гэта рана ці позна трэба будзе зрабіць. Увогуле, я думаю, што ў наступным пісьме вы напішаце, што вы – калгаснік калгаса «Запаветы Леніна».
У гэтым пісьме я высылаю вам фотакартку. Вашы фота я так дагэтуль і не атрымаў.
Ад Мішкі я атрымаў 3 пісьмы і фотакартку, на якой ён вельмі змяніўся. Яго за 4,5 гады ўже цяжка пазнаць.
Мама! Напішыце, як ваша здароўе. Ці зрабілі вы што-небудзь з зубамі або па-ранейшаму так і жывяце? Пішыце і вы аба ўсім.
Бывайце, да пабачэння. Чакаю адказу. Ваш сын Юлік».
На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Ульян Кандраценка нарадзіўся 15 чэрвеня 1916 года ў вёсцы Кавака. У Чырвонай арміі са снежня 1940 года. Служыў у 8-й стралковай дывізіі. Узнагароджаны медалямі «За абарону Масквы» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг»..
Згодна з дадзенымі з пагаспадарчай кнігі на вёску Кавака за 1944-1946 гады (Ф.473 Воп.3 Спр.1 Арк.91адв-92), год нараджэння Ульяна Кандраценкі – 1920-ты, а ў Каваке пражывалі яго бацька Андрэй Архіпавіч, які памёр 15 красавіка 1944 года, маці Ганна Фёдараўна, брат Міхаіл, які служыў у Чырвонай арміі з 1943 года.
![]() |
| 1. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, лейтэнант Ульян Андрэевіч Кандраценка |
![]() |
![]() |
| 2-3. ЗДАРэч Ф.186 Воп.3 Спр.94 Арк.543-543адв |



