Медыяпраект «Архіўны веснік» пашырае геаграфію: юныя даследчыкі НДЦ «Зубронак» адкрываюць таямніцы Нарачанскага краю праз архіўныя дакументы
Медыяпраект «Архіўны веснік», створаны Зонавым дзяржаўным архівам у г.Маладзечна, выходзіць на новы этап развіцця і істотна пашырае свае гарызонты. Ініцыятыва, якая пачыналася як серыя відэаролікаў на платформе YouTube, дзе школьнікі Вілейскага, Валожынскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў знаёмілі гледачоў з гісторыяй малой радзімы, цяпер ахоплівае новыя тэрыторыі і фарматы. Да маштабнай даследчай ініцыятывы далучыліся хлопцы і важатыя Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубронак».
У рамках змены «Ты і я – адна сям’я» выхаванцы цэнтра пагрузяцца ў свет архіўных даследаванняў. Галоўнай задачай юных аўтараў стане не пераказ гатовых фактаў з інтэрнэту, а паўнавартаснае даследаванне: пастаноўка пытання, праца з крыніцамі і пошук сувязей паміж мінулым і сучаснасцю.
Сёлета ўдзельнікі засяродзяцца на вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны Нарачанскага краю. Даследчыя групы выберуць адзін з актуальных напрамкаў, сярод якіх: «Вытокі купалаўскага слова», «Да таго, як стаць Танкам: архіўны штрых да вытокаў Яўгена Скурко», «Ген жыцця Васіля Пятровіча Шаранговіча», «Таямніцы гісторыі геалагічнага помніка прыроды паўвострава Наносы», «Хутар Неслуч: што было тут раней», «Героі без імён: партызаны Нарачанскага краю ў люстэрку архіўных дакументаў і сямейных спадчын» і іншыя.
Візіт дырэктара Зонавага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна Іны Зянонаўны Пудакевіч у «Зубронак» уключыў насычаную праграму. Дырэктар зонавага архіва выступіла ў якасці члена журы конкурсу прэзентацый атрадаў, дзе дзецi расказвалі пра Беларусь, сямейныя традыцыі і раскрывалі важнасць канцэпцыі «Я – мы». Юныя ўдзельнікі прадэманстравалі глыбокае разуменне сувязі паміж асабістай гісторыяй чалавека і агульнай гісторыяй краіны, паказалі, як сямейныя каштоўнасці фарміруюць аснову грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму.
Для актывістаў шасці атрадаў змены дырэктар архіва правяла майстар-клас па медыявытворчасці і працы з гістарычнымі крыніцамі. У ходзе занятку ўдзельнікі пазнаёміліся з этапамі архіўнага пошуку, спосабамі працы з дакументамі і праверкі дакладнасці звестак.
Завяршальным мерапрыемствам працоўнага дня стаў кіналекторый для актывістаў змены, дзе ў нефармальнай абстаноўцы абмеркавалі важныя тэмы гістарычнай памяці і ролі моладзі ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Іна Пудакевіч расказала пра сучасныя падыходы да папулярызацыі архіўных матэрыялаў сярод падлеткаў, падзялілася паспяховымі кейсамі архіва і натхніла юных даследчыкаў на самастойную працу з крыніцамі.
Пашырэнне геаграфіі «Архіўнага весніка» на базу «Зубронка» адкрывае новыя магчымасці для папулярызацыі архіўных дакументаў. Гэта важны крок у фарміраванні ў падрастаючага пакалення навыкаў крытычнага мыслення, адказнага стаўлення да гістарычнай памяці і шчырай цікавасці да прафесіі архівіста.
![]() |
| 1. І.З.Пудакевіч з выхаванцамі «Зубронка» |
![]() |
| 2. Падчас конкурсу прэзентацый |
![]() |
![]() |
| 3-4. Падчас урока |




