Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Аб правядзенні ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ўрока «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны»

24 верасня 2026 года ў Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці ў рамках гуртка «Юны архівіст» адбыўся ўрок «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Для навучэнцаў 10 класа ДУА «Гімназія №14 г.Гомеля» вядучы архівіст Мая Вашчанка падрыхтавала падборку дакументаў пра генацыд мірных жыхароў Гомеля ў гады акупацыі горада нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1943 гг.

Навучэнцы пазнаёміліся з актамі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў і нанясенні матэрыяльнага ўрону мірным жыхарам Гомельшчыны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вывучаючы дакументы, навучэнцы папоўнілі свае веды, атрыманыя на ўроках гісторыі ў школе. Мая Вашчанка расказала пра так званы «нямецкі парадак», які быў уведзены ў Гомелі з дня яго акупацыі 19 жніўня 1941 года – масавыя расстрэлы мірных грамадзян і стварэнне яўрэйскіх гета, пра планы гітлераўскай Германіі па анямечванні моладзі Беларусі.

Навучэнцы з цікавасцю чыталі пратаколы сведчанняў мірных жыхароў пра масавы вываз моладзі на непасільную працу ў Германію. Мая Вашчанка расказала навучэнцам пра перасыльны лагер ваеннапалонных ДУЛАГ-121, які быў арганізаваны фашыстамі на тэрыторыі горада. Навучэнцы пазнаёміліся з планам лагера, які быў складзены ваеннапалонным Губіным, даведаліся пра жахлівыя ўмовы, у якіх утрымліваліся не толькі ваеннапалонныя, але і мірныя жыхары Гомеля.

Асаблівае ўражанне на навучэнцаў зрабілі схемы масавых пахаванняў мірных грамадзян на Рэчыцкай шашы. Цыкл урокаў пра генацыд беларускага народа працягнецца на наступных занятках гуртка «Юны архівіст».

Выкарыстанне архіўных дакументаў перыяду акупацыі Гомельшчыны 1941–1943 гг. з’яўляецца бясспрэчным доказам жахлівых гістарычных падзей, якія адбываліся на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Атрыманая на ўроку інфармацыя пра генацыд мірных жыхароў роднага горада будзе выкарыстана навучэнцамі пры падрыхтоўцы даследчых работ і ўдзеле ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў «Даследаванне. Праект. Пошук».

 

1-4. Падчас правядзення занятку ў гуртку «Юны архівіст»