Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

24 верасня 2026 г. адбылося сумеснае пасяджэнне Вучонага савета БелНДІДАС і філіяла кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ

Сумеснае пасяджэнне прайшло ў сценах гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Адкрыў пасяджэнне дэкан гістарычнага факультэта БДУ А.Г.Каханоўскі, які адзначыў даўнюю і плённую гісторыю супрацоўніцтва дзвюх навуковых структур.

Загадчык кафедры крыніцазнаўства БДУ С.М.Ходзін адзначыў, што супрацоўніцтва інстытута і гістарычнага факультэта БДУ садзейнічае падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, пашырэнню доступу да дакументальнай спадчыны, распрацоўцы актуальных навуковых праблем у сферы архівазнаўства і дакументазнаўства. Ім таксама быў прадстаўлены план сумеснай работы БелНДІДАС і кафедры крыніцазнаўства на 2026/2027 навучальны год.

На пасяджэнні Вучонага савета БелНДІДАС былі разгледжаны справаздачы аб выкананні 11 планавых навукова-даследчых работ за III квартал 2026 г.: ад методыкі аналізу справаводных працэсаў, камплектавання і забеспячэння захаванасці архіўных дакументаў да прымянення штучнага інтэлекту ў справаводстве, прававога рэгулявання архіўнай справы, падрыхтоўкі праекта бібліяграфічнага паказальніка археаграфічных публікацый у Рэспубліцы Беларусь у 2007—2024 гг., методыкі работы з афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы аналітычнага даведніка аб 30-гадовым супрацоўніцтве архіўных службаў Беларусі і Расіі. Са справаздачамі выступілі кіраўнікі і адказныя выканаўцы тэм: С.Я.Купрыянаў, І.А.Ганчарова, З.В.Антановіч, К.П.Дзярновіч, А.В.Шумская, У.Д.Русецкая, М.М.Ялінская, М.А.Касяк, В.М.Цынкевіч.

Дасягнутыя пры выкананні навуковых тэм вынікі атрымалі станоўчую ацэнку савета. Па выніках абмеркавання былі выпрацаваны рэкамендацыі па далейшай рабоце над тэмамі.

Вучоным саветам таксама быў рэкамендаваны да выдання чарговы 27-мы выпуск «Беларускага археаграфічнага штогодніка».

Удзельнікамі сумеснага пасяджэння было адзначана, што вынікі даследаванняў БелНДІДАС маюць значэнне не толькі для ўдасканалення тэорыі і практыкі архіўнай справы і справаводства, але і забяспечваюць цесную сувязь навуковых дасягненняў інстытута з адукацыйным працэсам БДУ.

 

1. Агульная фатаграфія ўдзельнікаў сумеснага пасяджэння Вучонага савета БелНДІДАС і філіяла кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ
2. Прывітальнае слова дэкана гістарычнага факультэта БДУ А.Г.Каханоўскага
3. Са справаздачай выступае старшы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства З.В.Антановіч
4. Са справаздачай выступае старшы навуковы супрацоўнік аддзела археаграфіі М.М.Ялінская
5. Падчас працы Вучонага савета