Урокі адзінства: навучэнцы медкаледжа ў Маладзечна і дзеці ў санаторыі «Акадэмія Здароўя» паглядзелі хроніку беларускай дзяржаўнасці

Напярэдадні святкавання Дня народнага адзінства спецыялісты занальнага дзяржархіва ў г.Маладзечна правялі цыкл кіналектарыяў ва УА «Маладзечанскі дзяржаўны медыцынскі каледж імя І.У.Залуцкага» і ў санаторыі «Акадэмія здароўя», размешчанага ў Радашковіцкім сельскім савеце.

Увазе гледачоў быў прадстаўлены дакументальны фільм «Дзень Незалежнасці: хроніка беларускай дзяржаўнасці», падрыхтаваны БДАКФФД. Аўтары фільма правялі гледача праз ключавыя кропкі гістарычнага маршруту Беларусі. На экране ажываюць падзеі Першай сусветнай вайны, якія назаўжды змянілі карту Еўропы і лёсы мільёнаў людзей. Гледачы ўбачылі, як будавалася новае жыццё, індустрыялізавалася і калектывізавалася краіна.

Адмысловая, трапяткая ўвага ў стужцы нададзена 1939 году – часу ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у адзінай дзяржаве, калі разрозненыя землі нарэшце сабраліся разам.

Кадры барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, партызанскі рух, трагедыя акупацыі і трыумф Перамогі паказаны не проста як сухія факты, а як народны подзвіг, які стаў падмуркам для выжывання нацыі.

Фільм не абмінае і нялёгкія гады пасляваеннага аднаўлення. Калі з попелу паднімаліся гарады і вёскі, а рэспубліка зноўку вучылася жыць і працаваць пад мірным небам. Фінальная частка карціны прысвечана будаўніцтву новага мірнага жыцця і заканамернаму вянку гістарычнага шляху – станаўленню і ўмацаванню суверэнітэту сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Кіналекторый стаў важным напамінам аб сувязі пакаленняў, аб кошце незалежнасці і аб тым, што беларуская дзяржаўнасць – гэта вынік стойкасці, працы і любові да роднай зямлі многіх пакаленняў.

 

1-2. Падчас правядзення кіналекторыя ва УА «Маладзечанскі дзяржаўны медыцынскі каледж імя І.У.Залуцкага»
3-4. Падчас правядзення кіналекторыя ў санаторыі «Акадэмія здароўя»