Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваёй сям’і ў Брагінскі раён

У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Максіма Якаўлевіча Пяхоты ад 28 лістапада 1943 года (Ф.186 Воп.3 Спр.93 Арк.59-59адв) ў вёску Чамярысы Хракавіцкага (у цяперашні час – Чамярыскага) сельсавета Брагінскага раёна. Тэкст пісьма:

«Добры дзень, дарагія жонка Хрысціна Каленікава і дзеці Сенька і Машка. Я пакуль што жывы і здаровы, чаго і вам жадаю ў вашым жыцці.

Два з паловай гады балела ў мяне сэрца аб сваёй любімай сям’і. І мне стала вядома, што17 лістапада 43 года нашы войскі вызвалілі родную вёску і, магчыма, маю любімую сям’ю. Не вельмі далёка я знаходзіўся таго ж дня ад вас. Але няма пакуль што магчымасці з вамі сустрэцца. Але хутка настане той дзень і той час, што я вярнуся ў сваю любімую сям’ю. Знаходжуся я цяпер на правым беразе Дняпра.

Пакуль што ўсё, да пабачэння. Чакаю ад вас якога-небудзь паведамлення. Мне адчуваецца, што яшчэ ў канцы 41 года ў маёй сям’і штосьці здарылася непрыемнае. Яшчэ раз да пабачэння. Ваш муж Пяхота М.Я.».

На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Максім Пяхота нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Чамярысы. На Вялікай Айчыннай вайне ваяваў у складзе 101 гаўбічнай артылерыйскай брыгады. 30 ліпеня 1944 года радавы Пяхота ўзнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», а 21 мая 1945 года – медалём «За адвагу».

Згодна з дадзенымі з пагаспадарчай кнігі на вёску Чамярысы за 1944-1946 гады (Ф.194 Воп.3 Спр.8 Арк.55адв-56), у Максіма Пяхоты мелася сям’я – жонка Хрысціна і дачкі Ксенія і Марыя (памерла ў зазначаны перыяд).

 

1-2. ЗДАРэч Ф.186 Воп.3 Спр.93 Арк.59-59адв