Віртуальная выстава «Чырвоны Крыж: гартаючы старонкі гісторыі» (Да 105-годдзя ўтварэння Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа)

6 верасня 2026 г. спаўняецца 105 гадоў Беларускаму таварыству Чырвонага Крыжа.

Увесь час свайго існавання Беларускі Чырвоны Крыж кіруецца прынцыпамі гуманітарнага права, у аснове якіх ляжаць Жэнеўскія канвенцыі, падпісаныя ўсімі дзяржавамі свету, што робіць іх найбольш універсальнымі з усіх міжнародных пагадненняў. Галоўнымі з іх з’яўляюцца аказанне дапамогі пацярпелым ва ўзброеных канфліктах, унутраных беспарадках, тэхнагенных і гуманітарных катастрофах, стыхійных бедствах, незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання і палітычных поглядаў чалавека.

На віртуальнай выставе прадстаўлены дакументы, якія характарызуюць дзейнасць Беларускага Чырвонага Крыжа па аказанні гуманітарнай дапамогі галадаючым Паволжа ў 1922 г., апецы і медыцынскай дапамозе савецкім салдатам і афіцэрам, якія вярталіся з польскага палону пасля заканчэння польска-савецкай вайны 1919 – 1920 гг.У 20–30-я гг. супрацоўнікі Чырвонага Крыжа засяродзілі свае намаганні на аказанні дапамогі найбольш неабароненым сацыяльным групам насельніцтва Беларусі — дзецям, інвалідам, людзям сталага ўзросту. Пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Чырвоны Крыж аднавіў сваю дзейнасць і прыняў актыўны ўдзел у ліквідацыі ачагоў інфекцыйных захворванняў, аказанні дапамогі параненым салдатам і афіцэрам Чырвонай Арміі, якія знаходзіліся ў шпіталях на лячэнні, апецы над дзецьмі-сіротамі, інвалідамі Вялікай Айчыннай вайны і ўсімі, хто меў патрэбу ў дапамозе.

У сваёй дзейнасці Беларускі Чырвоны Крыж заўсёды прытрымліваўся і да гэтага часу прытрымліваецца асноватворных прынцыпаў гуманітарнага права, заўсёды прыходзіць на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу.

З віртуальнай выставай, падрыхтаванай Нацыянальным архівам Рэспублiкi Беларусь па 105-гадовай гісторыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, можна азнаёміцца па спасылцы.