Да 110-годдзя з дня нараджэння героя: выстава, прысвечаная легендарнаму лётчыку Аляксандру Мамкіну

Занальны дзяржаўны архіў у г.Полацку падрыхтаваў кніжна-дакументальную выставу «Імя ў гісторыі: лётчык Аляксандр Мамкін», прымеркаваную да 110-годдзя з дня нараджэння героя. На выстаўцы прадстаўлены архіўныя дакументы, друкаваныя выданні аб аперацыі «Зорачка», а таксама фотаматэрыялы, уключаючы выявы, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту.

Аляксандр Пятровіч Мамкін нарадзіўся ў 1916 годзе. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён быў ужо вопытным пілотам, а ў 1944 годзе – камандзірам звяна 105-га Гвардзейскага, ордэна Аляксандра Неўскага, Панявежскага асобнага авіяцыйнага палка Грамадзянскага паветранага флоту. На рахунку лётчыка было больш за 400 баявых вылетаў, з іх 70 баявых вылетаў ноччу ў тыл саперніка, у гэты ж час партызанам ён даставіў 20 тысяч кілаграмаў боепрыпасаў і харчавання.

У ноч з 10 на 11 красавіка 1944 года адбыўся 9-ы «агністы рэйс» за лінію фронту. Ціхаходны бяззбройны самалёт Аляксандра Мамкіна быў падбіты агнём нямецкіх зенітак і атакаваны варожым знішчальнікам. Жыўцом згараючы, атрымаўшы найцяжкае раненне ў галаву, лётчык пасадзіў машыну, якая траціла кіраванне, на лёд возера за лініяй фронту.

Гэты апошні рэйс стаў подзвігам: цаной свайго жыцця Аляксандр Мамкін выратаваў 10 дзяцей-сірот, іх выхавальніцу і двух параненых партызан, якіх лётчык перавозіў на борце самалёта.

Урачы змагаліся за яго жыццё некалькі дзён, але выратаваць героя не ўдалося. 17 красавіка 1944 года Аляксандр Пятровіч Мамкін памёр ад атрыманых ран у шпіталі. Першапачаткова аднапалчане пахавалі лётчыка ў сяле Маклок Веліжскага раёна, ля сцен Траецкай царквы. У 1970-х гадах прах героя быў перапахаваны ў горадзе Веліж на мемарыяльным комплексе «Лідавая гара».

17 верасня 2024 года ў Полацку адкрыты памятны знак удзельнікам аперацыі «Зорачка».

На фото: Выстава «Імя ў гісторыі: лётчык Аляксандр Мамкін».