Прысвячэнне ў архівісты – 2026

27 жніўня 2026 г. адбылося прысвячэнне маладых спецыялістаў у прафесію архівіста. Упершыню мерапрыемства прайшло на дзвюх пляцоўках: у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусі (далей – НАРБ) і Дэпартаменце па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дэпартамент). У рэспубліканскія архіўныя ўстановы на пасады архівістаў, стажораў навуковых супрацоўнікаў і інжынераў-праграмістаў прыйшлі 19 хлопцаў і дзяўчат, для якіх праца ў архіве стала першым месцам працы.

Мерапрыемства пачалося ў НАРБ з інтэрактыўнага квэста-экскурсіі, падчас якой маладыя спецыялісты пазнаёміліся з асноўнымі напрамкамі дзейнасці архіўных устаноў: камплектаваннем, забеспячэннем захаванасці дакументаў, іх аблічбоўкай, выкарыстаннем і сістэмай навукова-даведачнага апарата. Удзельнікі лёгка справіліся з заданнямі па кожным накірунку працы.

У наступнай частцы прысвячэння архівісты пазнаёміліся з кіраўнікамі рэспубліканскіх архіўных устаноў (далей – РАУ), якія прадставілі свае архівы. Перад маладымі спецыялістамі выступілі: дырэктар НАРБ А.А.Стуканава; дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі М.М.Глушакоў, які таксама прадставіў НГАБ у г.Гродна; дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (далей – БДАКФФД) А.М.Ганчар; в.а. дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі Р.С.Жаўняркевіч; дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы А.Я.Рыбакоў; дырэктар Беларускага цэнтра цыфравізацыі архіўнай дзейнасці Д.В.Шаброў; дырэктар Цэнтральнай лабараторыі забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь С.І.Мязга і вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва К.А.Лукіна.

Працяг мерапрыемства адбыўся ў новым будынку Дэпартамента па вул. Мяснікова, 5. Тут для іх былі арганізаваны аглядная экскурсія па Дэпартаменце і прадстаўлены планшэтныя выставы «Адновім Беларусь разам» і «Гісторыя архіўнай галіны Беларусі», а таксама прадэманстраваны выдавецкія праекты архівістаў.

Затым традыцыйна адбылося фатаграфаванне маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам галіны і ганаровымі гасцямі.

У асноўнай частцы мерапрыемства з дакладам «Аб стане архіўнай справы ў Рэспубліцы Беларусь у 2026 годзе» выступіў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л. Воінаў. Ён адзначыў дынаміку росту асноўных паказчыкаў у галіне, падрабязна спыніўся на пытанні выкарыстання архіўных дакументаў. Важнае месца ў дакладзе дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству было адведзена пытанню ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы архіўных устаноў. У заключэнне А.Л.Воінаў праінфармаваў прысутных аб працы з моладдзю, якая праводзіцца ў галіне. Ён падкрэсліў важнасць аказання ўсямернай падтрымкі маладых спецыялістаў і ўключэння іх у грамадска-культурнае жыццё архіўных устаноў. Алег Леанідавіч выказаў упэўненасць, што маладыя супрацоўнікі актыўна будуць ўцягнутыя ў дзейнасць па выкарыстанні тэхналогій штучнага інтэлекту ў архіўнай справе, а таксама актыўна праявяць сябе на выдавецкай ніве.

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў У.І.Зубрык у сваім выступленні расказаў аб асноўных напрамках работы і ролі прафсаюзаў у абароне правоў працоўных і заклікаў маладых спецыялістаў актыўна ўдзельнічаць у грамадскіх мерапрыемствах. Таксама выпускнікам 2026 г. былі ўручаны членскія прафсаюзныя білеты.

З прывітальным словам да маладых архівістаў звярнуўся дэкан гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, д.г.н., прафесар А.Г.Каханоўскі, які адзначыў цеснае ўзаемадзеянне паміж факультэтам і архіўнымі ўстановамі ў пытанні падрыхтоўкі кадраў. Аляксандр Генадзьевіч адзначыў станоўчую дынаміку ў падрыхтоўцы будучых архівістаў і ў рамках мэтавага набору.

Са словам у адказ ад маладых спецыялістаў выступіў архівіст НГАБ Аляксандр Руткевіч. Ён падзякаваў прысутных за падтрымку, адзначыў моцны дух архівістаў. Малады архівіст выказаў упэўненасць, што новае пакаленне работнікаў галіны ўнясе свой важкі ўклад у развіццё архіўнай справы і захаванне гістарычнай памяці.

Усім удзельнікам прысвячэння былі ўручаны памятныя падарункі ад кіраўніцтва архіўнай галіны і Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Мерапрыемства прайшло ў цёплай і нефармальнай абстаноўцы. Пасвячэнне ў архівісты стала добрай традыцыяй галіны. Чакаем новых маладых спецыялістаў у архіўныя ўстановы нашай рэспублікі.

 

1. Агульнае фота ўдзельнікаў урачыстага пасвячэння ў архівісты 2026 года
2. Дырэктар НАРБ А.А.Стуканава і намеснік дырэктара НАРБ С.В.Кулінок падчас знаёмства маладых спецыялістаў з Нацыянальным архівам
3-4. Праходжанне маладымі спецыялістамі квэста-экскурсіі
5. Маладыя спецыялісты НАРБ з дырэктарам А.А.Стуканавай
6. Маладыя спецыялісты НГАБ і НГАБ г.Гродна з дырэктарам М.М.Глушаковым
7. Госці і ўдзельнікі ўрачыстага пасвячэння ў архівісты 2026 года
8. Падчас экскурсіі ў Дэпартаменце па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
9. Намеснік дырэктара НАРБ С.В.Кулінок знаёміць маладых спецыялістаў з выдавецкай дзейнасцю архіўнай галіны Беларусі
10. Выступ А.Л.Воінава
11. Выступленне У.І.Зубрыка
12. Выступ А.Г.Каханоўскага
13. Госці і ўдзельнікі ўрачыстага пасвячэння ў архівісты 2026 года
14. Уручэнне памятных падарункаў