Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваёй радне ў Брагінскі раён

У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Сцяпанавіча Еўтушэнкі ад 5 чэрвеня 1944 года (Ф.186.Воп.3.Спр.91.Арк.1034-1035адв) ў вёску Савічы Брагінскага раёна. Пісьмо змястоўвае наступныя радкі:

«Добры дзень, дарагая матуля, брат Павел. Перадаю вам сваё гарачае, шчырае прывітанне, а таксама прывітанне Івану Беразняцкаму. Паведамляю вас, што ад вас атрымаў ужо другое пісьмо, за якое вельмі і вельмі дзякую. <…>

Дарагі брат, [я] ўдзельнічаў у баях і служыў у арміі да ранення. У 1942 годзе ў кастрычніку быў паранены на фронце ў ногу цяжка, з пераломам сцегнавай косці на левай наге. Знаходзіўся ў шпіталі 8 месяцаў на лячэнні. Пасля ачуняў і атрымаў вотпуск на 6 месяцаў, але дамоў нельга было прыехаць, бо наша мясцовасць была пад немцам. Вотпуск я правёў у г. Молатаве (зараз Перм – Аўт.) на Урале. Пасля вотпуску была медкамісія, якая прызнала, [што я] па раненню годны да нестраявой службы, і [мяне] паслалі працаваць на завод ХТЗ у г. Харкаў.

Дарагі брат Павел! Ты пісаў, што бацька ў арміі. Калі ты ведаеш адрас бацькі, то напішы ў пісьме яго адрас і што вядома табе аб бацьку. Апішы, як дома наконт прадуктаў, як жывецца і дзе жывеце».

На сайце «Памяць народа» зазначана, што Уладзімір Еўтушэнка нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Савічы. 7 ліпеня 1941 года быў прызваны ў Чырвоную армію. Ваяваў у складзе 449-га стралковага палка 144-й стралковай дывізіі. Пасля ранення і лячэння ў шпіталях быў накіраваны на Харкаўскі трактарны завод (ХТЗ), дзе ў цяжкіх умовах працаваў на патрэбы фронту. Такім чынам, Уладзімір Сцяпанавіч як удзельнік вайны і працаўнік тылу ўнёс свой важкі ўклад у Перамогу савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Згодна з дадзенымі з пагаспадарчай кнігі на вёску Савічы за 1944-1946 гады (Ф.218.Воп.3.Спр.4.Арк.158адв-159), Уладзімір Еўтушэнка і яго бацька Сцяпан Еўтушэнка вярнуліся з вайны дамоў.

 

1-4. ЗДАРэч.Ф.186.Воп.3.Спр.91.Арк.1034-1035адв