Аб правядзенні практычнага занятку ў канцэрне «Беллегпрам»
23 чэрвеня 2026 г. у рамках мерапрыемстваў, накіраваных на выкананне даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях аптымізацыі дакументаабароту ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, у Беларускім дзяржаўным канцэрне па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці (канцэрн «Беллегпрам») адбыўся практычны занятак на тэму «Практычныя падыходы да аптымізацыі дакументаўтварэння і дакументаабароту». У занятку прынялі ўдзел работнікі службы дакументацыйнага забеспячэння кіравання і адказныя за справаводства ў структурных падраздзяленнях канцэрна.
З лекцыямі-прэзентацыямі перад удзельнікамі заняткаў выступілі дырэктар БелНДІДАС А.Я.Рыбакоў і вядучы архівіст аддзела справаводства і фарміравання НАФ Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Л.М.Сігневіч.
А.Я.Рыбакоў на падставе распрацаваных інстытутам Метадычных рэкамендацый па аптымізацыі дакументаўтварэння і дакументаабароту ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, а таксама назапашанага вопыту аналізу справаводчых працэсаў у дзяржорганах растлумачыў асноўныя падыходы да арганізацыі дадзенай працы ў Мінпраме. Асноўны акцэнт быў зроблены на ўкараненні ў практыку работы бездакументнага абмену інфармацыяй па бягучых кіраўніцкіх пытаннях, мінімізацыі службовай перапіскі пры ўзаемадзеянні міністэрства і падведамасных арганізацый, упарадкаванні збору справаздачна-даведачнай дакументацыі, выкарыстанні магчымасцей сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, інфармацыйных сістэм і інфармацыйных рэсурсаў для аптымізацыі дакументаўтварэння і дакументаабароту.
Л.М.Сігневіч патлумачыла патрабаванні заканадаўства ў сферы арганізацыі працы з электроннымі дакументамі, распавяла слухачам аб тыповых памылках, якія сустракаюцца пры фарміраванні электронных спраў у дзяржорганах і іншых арганізацыях, правядзенні экспертызы каштоўнасці электронных дакументаў, іх адборы на архіўнае захоўванне і знішчэнне. Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць цеснага ўзаемадзеяння арганізацый і распрацоўшчыкаў інфармацыйных сістэм, у якіх ствараюцца, абарачаюцца і захоўваюцца электронныя дакументы.
Рэалізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на выкананне даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па аптымізацыі дакументаўтварэння і дакументаабароту, будзе прадоўжана.
На фота: Л.М.Сігневіч і А.Я.Рыбакоў падчас правядзення заняткаў з работнікамі Беллегпрама
![]() |
