«Вуліца Гагарына: як Вілейка датыкнулася да космасу?»: у праддзвер’і Дня касманаўтыкі ЗДА ў г.Маладзечна і юныя архівісты прадстаўляюць новы выпуск «Архіўнага весніка»
Да 65-годдзя палёту Юрыя Гагарына Зональны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна і юныя архівісты падрыхтавалі спецыяльны выпуск праекта «Архіўны веснік». Тэма — «Вуліца Гагарына: як Вілейка датыкнулася да космасу?». Мэта — паказаць, як гістарычная памяць фіксуецца ў дакументах і ўвасабляецца ў гарадскім асяроддзі.
У аснове сюжэта — сапраўдныя дакументы з архіўных фондаў. Гледачы ўбачаць пратакол выканкама Вілейскага гарсавета з рашэннем аб прысваенні імя Гагарына новай вуліцы, архітэктурны эскіз мастака в.Лукшы 1973 года, акт прыёмкі першага пяцідзесяцікватэрнага дома (1975 г.), а таксама матэрыялы канца 1970-х гадоў аб уводзе ў эксплуатацыю комплексу ПТВУ і ясляў-сада.
Праект рэалізаваны ў фармаце інфармацыйна-публіцыстычнага расследавання: юныя архівісты самастойна працавалі з вопісамі фондаў, адбіралі візуальныя матэрыялы і ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы сцэнарыя.
Выпуск прасочвае храналогію фарміравання вуліцы: ад афіцыйнай назвы да з’яўлення інфраструктуры. Асобны блок прысвечаны сучаснаму этапу развіцця беларускай касманаўтыкі: у прыватнасці, удзелу Марыны Васілеўскай у касмічнай місіі ў 2024 годзе. У праграме — кадры сустрэчы з першай жанчынай-касманаўтам суверэннай Беларусі, яе аўтограф як сімвал пераемнасці пакаленняў.
Прыемнага прагляду!
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |







