«Маладзёжная сталіца 2026»: архівіст ЗГА ў г.Маладзечна прыняла ўдзел у рэспубліканскім праекце

26 сакавіка ў Доме моладзі г.Мінска адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага праекта «Мінск – маладзёжная сталіца 2026», прымеркаванага прысваенню гораду ганаровага тытула. У рамках падзеі для ўдзельнікаў былі падрыхтаваны розныя секцыі, сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, дыялогавыя пляцоўкі, аглядныя экскурсіі і не толькі.

Так, архівіст аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Марыя Мячкоўская ў складзе дэлегацыі Мінскай вобласці, прадстаўляючы Маладзечанскі раён, прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці праекта, а таксама ў дыялогавай пляцоўцы «Інфармацыйны контур: новыя сэнсы і лічбавы давер» ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», дзе абмяркоўваліся пытанні інфармацыйнай бяспекі і метады абароны ад пагроз у Сетцы. Акрамя гэтага, удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з працай тэлеканала, даведаліся пра тонкасці стварэння медыякантэнту і падрабязнасці будучых праектаў.

Таксама члены дэлегацыі прынялі ўдзел у культурна-забаўляльным шоу «У рытме сталіцы» і народнай зарадцы на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама».

Асаблівым момантам стала сустрэча са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Іванаўнай Качанавай у рамках праекта «Размова на роўных». Былі закрануты пытанні патрыятычнага выхавання, інклюзіі, падтрымкі працуючай моладзі і іншыя. Напрыканцы сустрэчы Наталля Іванаўна пажадала рабятам берагчы краіну, шанаваць створанае старэйшымі пакаленнямі, а таксама асабістага шчасця і натхнення.

«Гэта ўнікальны досвед», – падзялілася Марыя Мячкоўская. «Ад усёй душы ўдзячна арганізатарам мерапрыемства за прадстаўленую магчымасць удзельнічаць не проста ў рэспубліканскім праекце, а ў гістарычнай падзеі – закладцы капсулы часу з пасланнем нашчадкам, сустрэчы з важнымі дзяржаўнымі дзеячамі, якія ствараюць наша сёння!».

 

1-2. У час урачыстага адкрыцця рэспубліканскага праекта «Мінск-маладзёжная сталіца 2026»
3-4. Падчас закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам
5. Падчас дыялогавай пляцоўкі «Інфармацыйны контур: новыя сэнсы і лічбавы давер»
6. Дэлегацыя Мінскай вобласці ў Парку Перамогі
7-9. У час сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Іванаўнай Качанавай.