Аб правядзенні ўстановай «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» урока «Полымянае эха: спаленыя беларускія вёскі» ў межах рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе»
26 сакавіка 2026 г. у чытальнай зале Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці адбыўся ўрок «Полымянае эха: спаленыя беларускія вёскі» для вучняў шостых класаў ДУА «Гомельская Ірынінская гімназія».
Старэйшы навуковы супрацоўнік Вашчанка Мая Валянцінаўна расказала вучням пра тое, што такое генацыд беларускага народа на прыкладзе спаленай нямецка-фашысцкімі захопнікамі беларускай вёскі Хатынь, якая стала сімвалам больш чым дзевяці тысяч спаленых вёсак.
Таксама Мая Валянцінаўна расказала вучням пра тое, што ў памяць пра спаленыя вёскі ў 1969 годзе быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь».
– У цэнтры кампазіцыі мемарыяла знаходзіцца шасціметровая бронзавая скульптура «Непакораны чалавек» з загінулым дзіцём на руках. Бронзавая скульптура – гэта прататып выжылага 56-гадовага вясковага каваля Іосіфа Камінскага. Ранены, ён прыйшоў у прытомнасць толькі позна ўночы, калі карныя атрады пакінулі вёску. Сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына Адама. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот і атрымаў моцныя апёкі. Ён сканаў на руках у бацькі. Дзякуючы адзінкам, што выжылі, свет даведаўся пра трагедыю, якая адбылася. Больш чым сарака мільёнаў чалавек са ста краін свету наведалі мемарыяльны комплекс, – сказала Мая Валянцінаўна.
Таксама на ўроку вучні абмеркавалі важнасць вывучэння гісторыі роднага краю і захавання памяці для недапушчэння паўтораў. У заключэнне ўрока вучні паглядзелі відэаролік «Спаленыя вёскі – сястры Хатыні».
Для вучняў была арганізавана азнаямленчая экскурсія па архівасховішчы.
![]() |
![]() |
| 1-2. Навучэнцы гімназіі ў чытальнай зале архіва |
![]() |
| 3. Вядучы архівіст М.В.Бартноўская з навучэнцамі гімназіі падчас экскурсіі па архівасховішчы |


