Урок у занальным дзяржаўным архіве ў г.Кобрыне ў рамках праекта «Юны архівіст»
У рамках праекта «Юны архівіст» для школьнікаў быў арганізаваны ўрок, прысвечаны тонкасцям уліку архіўных дакументаў. Спецыялісты архіва не толькі распавялі, але і наглядна прадэманстравалі, як вядзецца гэтая карпатлівая і адказная праца.
Дзеці даведаліся, што ўлік архіўных дакументаў – гэта складаны, але вельмі важны працэс, які сёння шмат у чым аўтаматызаваны.
Школьнікі атрымалі ўнікальную магчымасць азнаёміцца з ключавымі ўліковымі дакументамі, якія з’яўляюцца асновай працы любога архіва: спісам фондаў, кнігай уліку паступленняў архіўных дакументаў, лістом фонду; карткай фонду; вопісам спраў пастаяннага захоўвання, рэестрам вопісаў, пашпартамі архівасховішчаў і дзяржаўнага архіва, звесткамі пра змены ў складзе і аб’ёме фондаў і інш.
Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікала знаёмства са справай фонду – наглядным прыкладам таго, як фарміруецца і захоўваецца інфармацыя аб кожным фондзе. Спецыялісты падрабязна патлумачылі для чаго патрэбныя ўліковыя дакументы і якія функцыі яны выконваюць, падкрэсліўшы іх незаменнасць для захавання гістарычнай памяці.
Кульмінацыяй урока стала дэманстрацыя аўтаматызаванага працэсу ўліку. Школьнікі ўбачылі, як з дапамогай праграмнага модуля «Улік» адбываецца рэгістрацыя дакументаў, якія паступаюць на пастаяннае захоўванне, і як аўтаматычна генеруюцца ўсе неабходныя ўліковыя дакументы. Гэта дазволіла дзецям па-новаму зірнуць на прафесію архівіста, усвядоміўшы, што яна не толькі патрабуе ўважлівасці і акуратнасці, але і цесна звязана з сучаснымі тэхналогіямі.
Урок у архіве стаў для вучняў не проста пазнавальным мерапрыемствам, а сапраўдным падарожжам у свет архіўнага ўліку.
![]() |
| 1. Вучні падчас азнаямлення з уліковымі дакументамі |
![]() |
| 2. Дзеці знаёмяцца з аўтаматызаваным працэсам уліку дакументаў |

