95 гадоў прафсаюзу дзяржорганаў: юныя архівісты з Маладзечна падрыхтавалі спецыяльны выпуск «Архіўнага весніка»
Напярэдадні знамянальнай даты – 95 — годдзя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў – Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна падрыхтаваў спецыяльны выпуск праекта «Архіўны веснік». Аўтары вырашылі не проста агучыць сухія лічбы, а праз дакументы паказаць жывую гісторыю прафсаюзнай салідарнасці.
У аснове сцэнарыя – матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондах архіва. Апавяданне пачынаецца з вытокаў: з красавіка 1931 года, калі адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, і людзі ўпершыню ўсвядомілі сілу адзінства. Аднак асаблівая ўвага ў выпуску нададзена сярэдзіне 1950 — х гадоў- часу актыўнага стварэння абласных камітэтаў.
Гледачы «Архіўнага весніка» змогуць даведацца дэталі гістарычнага пасяджэння аргбюро ад 10 верасня і абласной канферэнцыі ад 20 кастрычніка 1956 года, якая прайшла ў Маладзечне. Архіўныя пратаколы захавалі не толькі прозвішчы ўдзельнікаў (сярод якіх быў і старшыня рэспубліканскага камітэта), але і атмасферу таго часу. Дакументы сведчаць: гэта былі не фармальныя справаздачы, а сапраўдны дэмакратычны дыялог.Дэлегаты адкрыта абмяркоўвалі праблемы першасных арганізацый, размеркаванне пуцёвак і культурна-масавую працу, шукалі шляхі вырашэння разам.
Стваральнікі выпуску падкрэсліваюць сімвалічную сувязь часоў. Супрацоўнікі занальнага дзяржаўнага архіва ў Маладзечне, якія беражліва захоўваюць гэтую гісторыю, самі з’яўляюцца членамі раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.
Сёння ў Маладзечанскім раёне галіновай прафсаюз аб’ядноўвае 19 першасных арганізацый і больш за 1300 чалавек. Аўтары сцэнарыя нагадваюць, што 95 гадоў-гэта не толькі мінулае. Пакуль актуальныя абарона правоў, бяспека на працоўным месцы, сацыяльная падтрымка і павага да чалавека працы – прафсаюз будзе жыць.
На фота: Эпізоды выпуску
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |



