Перадсвяточная экскурсія ў БДАМЛМ

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, у рамках Года беларускай жанчыны, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прапанаваў сталым сяброўкам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Заводскага раёна г.Мінска расповяд пра дакументы, якія экспануюцца на выставе «Крыніца натхнення – жыццё народа», прысвечанай 105-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа.

У сувязі з надыходзячым святам падчас сустрэчы з прадстаўніцамі прыгожай часткі сацыяльнага цэнтра вялася размова пра гісторыю кахання Івана Мележа і яго будучай жонкі Лідзіі, якая пачалася падчас вайны. Былі зачытаны рукапісы вершаў і ўрыўкі з ранніх твораў Івана Паўлавіча, прысвечаных жанчынам. Асабліва актыўна наведвальніцы адгукнуліся на абмеркаванне тэмы кахання ў вядомай трылогіі «Палеская хроніка», яны былі здзіўлены далейшым лёсам герояў, развіццём іх узаемаадносін, што адлюстравалася ў планах і накідах, зробленых пісьменнікам. Такія дакументы таксама прадстаўлены на выставе. Сяброўкі сацыяльнага цэнтра з прыўзнятым настроем знаёміліся з іншымі дакументамі выставы «Крыніца натхнення – жыццё народа».

 

1. Н.А.Мізон з прадстаўнікамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Заводскага раёна г.Мінска
2. Знаёмства з дакументамі на выставе