Аб правядзенні ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» прафарыентацыйнага ўрока ў межах рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе»

6 лютага 2026 г. ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» для 11 класа ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» быў праведзены прафарыентацыйны ўрок «Жыві, вучыся і працуй у Рэспубліцы Беларусь!»

Старшы навуковы супрацоўнік Мая Валянцінаўна Вашчанка расказала навучэнцам аб гісторыі абласнога архіва, а таксама аб асноўных напрамках дзейнасці ўстановы.

На экскурсіі па архівасховішчы, вядучы архівіст Марына Уладзіміраўна Бартноўская расказала вучням пра тое, якія дакументы знаходзяцца на захоўванні ва ўстанове. Выпускнікі даведаліся, што такое экспертыза каштоўнасці дакументаў і электронны дакументаабарот. У лабараторыі навучэнцам паказалі працэсы рамонту архіўных дакументаў.

У чытальнай зале архіва навучэнцам была прадстаўлена тэматычная выстава дакументаў і фотаздымкаў «Вяртанне да мірнага жыцця. Гомель пасляваенны». Мая Валянцінаўна Вашчанка расказала пра тое, як аднаўляўся горад Гомель у першую пасляваенную пяцігодку. Навучэнцы даведаліся пра працоўныя подзвігі гамяльчан і пра стаханаўска-чаркізаўскі рух на фабрыках і заводах Гомеля. Дзякуючы самаадданай працы гамяльчан, горад удалося падняць з руін за кароткі тэрмін і вывесці развіццё народнай гаспадаркі на даваенны ўзровень. Навучэнцы з цікавасцю разглядалі фотаздымкі старых вуліц і плошчаў роднага горада, прадстаўленыя на выставе.

Мая Валянцінаўна расказала вучням пра тое, як вядзецца праца па адборы і падрыхтоўцы дакументаў да дэманстрацыйных выстаў.

– У працы з дакументамі архівіст павінен валодаць аналітычнымі здольнасцямі, скрупулёзнасцю, уважлівасцю, настойлівасцю і цярпеннем, а таксама ўмець сістэматызаваць інфармацыю. Калі вы любіце гісторыю роднага краю і валодаеце такімі якасцямі, то прафесія «архівіст» для вас, – сказала Мая Валянцінаўна.

У заключэнне мерапрыемства навучэнцы паглядзелі дакументальны фільм пра працу архівістаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў «Дом, дзе жыве час».

 

1. На экскурсіі ў архівасховішчы М.В. Бартноўская расказвае пра захаванасць дакументаў.
2. У чытальнай зале архіва М.В. Вашчанка прадставіла выставу «Вяртанне да мірнага жыцця. Гомель пасляваенны».
3. Дэманстрацыя фільма «Дом, дзе жыве час».