Кніжна-дакументальная выстава «Летапісцы народнага лёсу»
29 студзеня 2026 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыўся сумесны з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) выставачны праект «Летапісцы народнага лёсу», прымеркаваны да 105-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Івана Мележа (1921 – 1976) і Івана Шамякіна (1921 – 2004).
Творчасць Івана Мележа і Івана Шамякіна па праве лічыцца народным здабыткам. Пісьменнікі нарадзіліся ў адзін год, перажылі Вялікую Айчынную вайну, сталі сведкамі і летапісцамі складаных гістарычных падзей, але іх творчыя шляхі і мастацкія сродкі, пры ўсёй агульнасці тым, мелі свае унікальныя рысы. Іх раманы і аповесці не губляюць актуальнасці праз дзесяцігоддзі, застаючыся важнымі для кожнага пакалення беларусаў.
У экспазіцыі прадстаўлены копіі дакументаў з фондаў НАРБ, якія сведчаць аб іх надзвычай актыўным і шматгранным дзейнасці і грамадска-палітычным жыцці: Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій БССР; Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб прысваенні I.П.Мележу ганаровага звання Народнага пісьменніка БССР у 1972 г.; Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб абранні І.П.Шамякіна Старшынёй Вярхоўнага Савета Беларускай ССР; асабістая справа І.П.Шамякіна, і іншыя дакументы. Многія матэрыялы дэманструюцца ўпершыню.
Літаратурная дзейнасць не была адзінай сферай для самарэалізацыі І.Мележа і І.Шамякіна. Пісьменнікі паспяхова спалучалі творчасць з высокімі дзяржаўнымі пасадамі і працай у якасці народных дэпутатаў, уласным прыкладам і моцным словам будавалі падмурак незалежнай Беларусі. Асаблівую ролю класікі адыгралі ў станаўленні беларускай культуры, займаючы адказныя пасады ў кіраванні Саюза пісьменнікаў БССР, а таксама працуючы ў найбуйнейшых выдавецтвах рэспублікі.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць кнігі, якія апавядаюць пра каханне, чалавечнасці, гонар і Айчыну. Сярод экспанатаў можна ўбачыць рэдкія прыжыццёвыя выданні такіх шэдэўраў беларускай літаратуры, як «Глыбокая плынь», «Трывожнае шчасце, «Сэрца на далоні», «Гандлярка і паэт», «Палеская хроніка», «Мінскі напрамак» і многія іншыя, з густам аформленыя і ілюстраваныя знакамітымі мастакамі. Найкаштоўнейшымі экспанатамі з’яўляюцца кнігі з аўтографамі творцаў.
Творчая спадчына Івана Мележа і Івана Шамякіна стала невычэрпнай крыніцай натхнення для беларускага кінематографа. Шматлікія творы класікаў ляглі ў аснову культавых фільмаў, якія склалі залаты фонд нацыянальнага кінамастацтва. У экспазіцыі дэманструюцца рэжысёрскія сцэнары да фільмаў «Людзі на балоце» Віктара Турава, «Глыбокая плынь» Маргарыты Касымавай і Івана Паўлава, «Вазьму твой боль» Міхаіла Пташука, якія дазваляюць прасачыць шлях ператварэння літаратурнага слова ў жывыя экранныя вобразы.
![]() |
| 1. Афіша выставы «Летапісцы народнага лесу» |
![]() |
| 2. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з выставай работнікаў архіва |
![]() |
| 3. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з выставай работнікаў архіва |
![]() |
| 4. Архіўныя дакументы на выставе «Летапісцы народнага лёсу» |
![]() |
| 5. Архіўныя дакументы на выставе «Летапісцы народнага лёсу» |
![]() |
| 6. Архіўныя дакументы на выставе «Летапісцы народнага лёсу» |
![]() |
| 7. Архіўныя дакументы на выставе «Летапісцы народнага лёсу» |






