Аб правядзенні майстар-класа па рабоце з архіўнымі дакументамі ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці

16 студзеня 2026 года чытальную залу архіва па вул. Энгельса, 8 наведалі вучні 8-га класа ДУА «Гімназія №6 г.Брэста імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава» В.Дземчанка, М.Жук, В.Жулега і настаўнік гісторыі Ю.У.Карабанюк.

Школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніка праводзяць даследчую работу па тэме «Духоўная спадчына Берасцейшчыны» для ўдзелу ў рэспубліканскім праекце «Школа свету» і рэспубліканскім конкурсе маладзёжных сацыяльных праектаў «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці».

У рамках акцыі «Архівы – школе» супрацоўнік чытальнай залы Вераніка Крышчанка правяла для пачынаючых даследчыкаў майстар-клас па выяўленні архіўных дакументаў па вывучаемай імі тэме, падчас якога падзялілася з удзельнікамі практычнымі навыкамі пошуку і аналізу архіўных дадзеных. Юныя даследчыкі пазнаёміліся з методыкай работы з архіўнымі крыніцамі, навучыліся арыентавацца ў вопісах спраў фондаў і выяўляць патрэбныя матэрыялы.

На фота: Вядучы архівіст Вераніка Крышчанка праводзіць для пачынаючых даследчыкаў майстар-клас па рабоце з архіўнымі дакументамі