Архіў – не пыл, а пульс гісторыі: дырэктар занальнага дзяржархіва ў г.Маладзечна правяла серыю майстар-класаў ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры «Арляня»
У рамках медыясмены, арганізаванай МГА ДМА «Бумеранг» ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры «Арляня», прайшла серыя натхняльных майстар-класаў ад знакамітых кінематаграфістаў, прадстаўнікоў тэлеіндустрыі, ганаровых архівістаў і не толькі. Удзел у мерапрыемствах бралі як дарослыя, так і дзеці з Беларусі. Сярод спікераў – дырэктар занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна Іна Пудакевіч. Яна расказала, як архівы, сховішчы памяці, могуць стаць сапраўдным мостам паміж мінулым і будучым, аб’яднаўшы архіўную справу, медыятворчасць і сучасныя тэхналогіі. Іна Пудакевіч падзялілася з удзельнікамі – юнымі медыятворцамі – прынцыпамі працы з архіўнымі крыніцамі і іх роляй у стварэнні медыяпрадуктаў. Паказала, як дакументальная спадчына можа ажываць у кадры, становячыся часткай сучаснага апавядання. Асаблівая ўвага нададзена таму, як нейрасеткі і штучны інтэлект дапамагаюць у апрацоўцы і візуалізацыі архіўных матэрыялаў, адкрываючы новыя гарызонты для творчасці і захавання гістарычнай праўды. Многія напрацоўкі архіва выклікалі цікавасць не толькі ў юных удзельнікаў, але і ў прафесіяналаў – педагогаў і куратараў медыясмены. Яны адзначылі важнасць інтэграцыі архіўных матэрыялаў у адукацыйны працэс і медыяпраекты Беларусі і Расіі, што дае магчымасць стварыць больш глыбокае разуменне гісторыі і яе значэння для сучаснага грамадства. Адным з ключавых момантаў праграмы стаў паказ дакументальнага фільма Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў «Гісторыя Вялікай Перамогі». Карціна выклікала глыбокі водгук у «арлят»: яны з цікавасцю і павагай успрымалі аповед пра ролю беларусаў у Вялікай Айчыннай вайне, пра цяжкія страты, панесеныя краінай, і пра тую памяць, якую сёння захоўвае маладое пакаленне. Майстар-клас і кіналекторый сталі падзеяй, якая абуджае цікавасць да гісторыі, памяці і яе сучаснага гучання. Дзякуючы такім сустрэчам архіў перастае быць нечым далёкім — ён становіцца сучасным, актуальным і патрэбным.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
| 1-6. У час правядзення майстар-класаў |
![]() |
| 7. Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня» |






